Белорусский портал в Казахстане

Літва прапаноўвае спыніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы да правядзення стрэс-тэстаў



Аб гэтым заявіў пасля сустрэчы з беларускімі прадстаўнікамі, якая прайшла 22 чэрвеня ў Вільнюсе, дырэктар дэпартамента літоўскага Міністэрства навакольнага асяроддзя Віталіюс Аўгліс.

Літва прапаноўвае Рэспубліцы Беларусь спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС у Астраўцы да таго часу, пакуль не будуць праведзены стрэс-тэсты і іншыя даследчыя работы Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы (МАГАТЭ).

"Мы папрасілі, каб беларускі бок мог даць дадатковую інфармацыю як дадатак да дакументацыі аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе. <...> Мы таксама папрасілі як мага хутчэй правесці місію МАГАТЭ па ацэнцы пляцовак, як мага хутчэй правесці стрэс-тэсты па зразумелай метадалогіі, больш празрыстасці, каб беларускія калегі запрасілі літоўскіх экспертаў для ўдзелу ў місіі МАГАТЭ і стрэс-тэстах", — прыводзіць словы Аўгліса інтэрнэт-рэсурс Delfi.lt са спасылкай на BNS.

"Мы пакуль не атрымалі ніякага сур`ёзнага адказу. Пакуль адказу няма, мы прапанавалі беларускаму боку спыніць будаўніцтва да правядзення стрэс-тэстаў і даследчых работ місіі МАГАТЭ. <...> Мы разумеем, што гэта цяжкае пытанне, мы спадзяемся, што беларускі бок прыслухаецца да нашых патрабаванняў", — дадаў Аўгліс.

Паводле яго слоў, у ходзе кансультацый, якія доўжыліся два дні, удалося абмеркаваць працэдуры правядзення ацэнкі ўплыву АЭС на навакольнае асяроддзе, пытанні выбару альтэрнатыў будаўнічых пляцовак і інфармацыйную адкрытасць. Аўгліс адзначыў, што прадстаўнікі Беларусі паведамілі нямала інфармацыі, якая "не адпавядае атрыманай раней, паколькі станцыю пачалі будаваць адначасова з працэсам правядзення ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе і праектаваннем".

Выступаючы 22 чэрвеня на Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму будаўніцтва Беларускай АЭС. Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь не атрымлівала прэтэнзій з боку МАГАТЭ па выкананні ўсіх нормаў і патрабаванняў да будаўніцтва АЭС.

"Ясна, гэта вялікая канкурэнцыя. Пабудаваўшы атамную станцыю, мы робім велізарны скачок наперад і, натуральна, мы будзем больш канкурэнтаздольнымі, таму нас пачынаюць сёння нахіляць. Народ павінен гэта ведаць. Мы гэта ведаем і на калені не станем. Мы пабудуем тое, што намецілі", — сказаў ён.
______________________________________

Беларуская АЭС ўзводзіцца ў Гродзенскай вобласці, прыкладна за 20 кіламетраў ад Астраўца, па праекце расійскай кампаніі "Атамбудэкспарт". Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ "НІАЭП" — ЗАТ "АСЭ". Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020-га.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 23 чэрвеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/209/36044
Текущая дата: 30.11.2024