Белорусский портал в Казахстане

Беларусь плануе павялічыць экспарт тавараў і паслуг у 2016—2020 гадах на 21—25%, доля пастаўленай на экспарт прамысловай прадукцыі павінна скласці не менш за 65%



Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, асноўныя палажэнні якой апублікаваныя 17 чэрвеня.

Будзе актывізаваная праца па развіцці эканамічнага ўзаемадзеяння з краінамі "далёкай дугі" ў Азіяцкім, Лацінаамерыканскім, Блізкаўсходнім і Афрыканскім рэгіёнах, па выхадзе і замацаванні на рынках дзяржаў, якія маюць значны патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

"Важным вектарам знешнеэканамічнай дзейнасці з`яўляецца аднаўленне прысутнасці на традыцыйных рынках, у першую чаргу Расійскай Федэрацыі і ЕАЭС, рост экспарту ў Еўрапейскі саюз, асваенне і замацаванне беларускіх вытворцаў на новых нішах сусветнага рынку", — адзначаецца ў дакуменце.

Падкрэсліваецца, што ў лік найважнейшых напрамкаў знешнеэканамічнай дзейнасці ў гэтым пяцігоддзі ўваходзіць развіццё эканамічнай інтэграцыі ў межах ЕАЭС.

"Рэалізацыя гэтага кірунку прадугледжвае: стварэнне ўмоў для развіцця адзінага рынку тавараў і паслуг шляхам сістэмнай працы па ліквідацыі выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі краін — членаў ЕАЭС, фарміравання сумесных механізмаў страхавой, крэдытнай, лізінгавай, выставачна-кірмашовай падтрымкі экспарту; фарміраванне ўзгодненай прамысловай, аграрнай, энергетычнай і транспартнай палітыкі; паглыбленне вытворчай інтэграцыі, рэалізацыя сумесных навукова-вытворчых праграм развіцця прыярытэтных відаў эканамічнай дзейнасці", — адзначаецца ў дакуменце.

Разам з тым Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі "застанецца ядром інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне СНД".

Плануецца, што будзе забяспечаная планамерная дыверсіфікацыя экспарту для дасягнення роўнага размеркавання экспартных паставак паміж трыма рынкамі — ЕАЭС, Еўрапейскага саюза, краін "далёкай дугі" і іншых краін, што "дазволіць збалансаваць знешні гандаль, асвоіць новыя рынкі збыту і замацавацца на іх, скараціць рызыку залежнасці Беларусі ад эканомікі асобных краін — гандлёвых партнёраў".

Дыверсіфікацыя знешніх рынкаў будзе ажыццяўляцца шляхам асваення рынкаў краін Еўрапейскага саюза, ЗША, дзяржаў Лацінскай Амерыкі, Усходняй Азіі, Блізкага Усходу і Афрыкі, актывізацыі супрацоўніцтва з Кітаем і Індыяй.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 чэрвеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/210/35963
Текущая дата: 30.11.2024