Белорусский портал в Казахстане

Мытныя службы СНД створаць рабочую групу па процідзеянні парушэнням у інтэрнэт-гандлі



Аб гэтым стала вядома па выніках пасяджэння Камітэта кіраўнікоў праваахоўных падраздзяленняў Савета кіраўнікоў мытных службаў дзяржаў - удзельніц СНД.

Барацьба з парушэннямі ў сферы мытнага заканадаўства будзе больш эфектыўнай пры цесным узаемадзеянні ўсіх мытных службаў, адзначалася на пасяджэнні.

"У Еўразійскім эканамічным саюзе паміж краінамі адсутнічае мытная граніца, значыць магчыма перасылка паштовых адпраўленняў, пасылак без іх мытнага афармлення. Зыходзячы з гэтага з калегамі абмяркоўвалі магчымасці абмену інфармацыяй, сумесных дзеянняў для прадухілення магчымых пагроз", - адзначыў намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Багдзевіч.

Ён падкрэсліў, што часта паштовыя адпраўленні выкарыстоўваюцца для незаконнага перамяшчэння наркатычных рэчываў. Для процідзеяння гэтаму ствараецца міжнародная рабочая група, куды ўвойдуць прадстаўнікі мытных службаў дзяржаў СНД. Такое рашэнне дасць магчымасць паскорыць абмен інфармацыяй і павялічыць эфектыўнасць работы.

Стварэнне рабочай групы накіравана і на процідзеянне эканамічным правапарушэнням. У Беларусі з сённяшняга дня зніжаны парог бяспошліннага ўвозу тавараў па паштовых адпраўленнях да 22 еўра, а ў Расіі, напрыклад, гэта планка складае 1000 еўра.

"Зразумела, правапарушальнікі будуць спрабаваць знайсці абходныя шляхі праз іншыя дзяржавы. Таму ўзаемадзеянне праваахоўных падраздзяленняў мытных службаў у гэтым напрамку становіцца ўсё больш важным. Перш за ўсё для таго, каб выяўляць тавары, прызначаныя для беларускіх атрымальнікаў, якія будуць перапраўляцца праз іншыя краіны, у тым ліку і Расію. Адпаведна будзем актыўней супрацоўнічаць з калегамі, спыняць такія правапарушэнні", - адзначыў намеснік кіраўніка Федэральнай мытнай службы Расійскай Федэрацыі, старшыня Камітэта кіраўнікоў праваахоўных падраздзяленняў Савета кіраўнікоў мытных службаў дзяржаў СНД Руслан Давыдаў.

Трынаццатае пасяджэнне камітэта праходзіць у гэтыя дні ў Гродне.

У сустрэчы прымаюць удзел кіраўнік ДМК Беларусі і Федэральнай мытнай службы Расіі, кіраўнікі мытных камітэтаў і службаў Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, а таксама прадстаўнікі Выканаўчага камітэта СНД і Упраўлення мытнай паліцыі Латвіі.

Сярод іншых абмяркоўваемых пытанняў была барацьба з незаконным міжнародным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і моцнадзейных рэчываў.

Таксама на абмеркаванне выносіліся пытанні мытнага расследавання і дазнання, узаемадзеяння ў сферы павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў праваахоўных падраздзяленняў мытных службаў дзяржаў, кіналагічнай дзейнасці. Прапрацоўваўся варыянт стварэння адкрытага канала для атрымання інфармацыі аб правапарушэннях у мытнай сферы, а таксама арганізацыі кантактных пунктаў, што функцыянуюць у кругласутачным рэжыме, для абмену праваахоўнай інфармацыяй папераджальнага характару.

14 красавіка 2016, Гродна
Сяргей Гаўрыцкі - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/216/35177
Текущая дата: 30.11.2024