Белорусский портал в Казахстане

Беларусь мае намер актывізаваць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне з партнёрамі ў розных рэгіёнах свету



Адпаведныя дамоўленасці дасягнуты 14 красавіка ў Стамбуле на перагаворах Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з лідарамі замежных краін у час правядзення саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік беларускай дзяржавы на палях саміту правёў больш за дзясятак сустрэч і перагавораў з замежнымі калегамі.

Аляксандр Лукашэнка і Эмір Дзяржавы Катар шэйх Тамім бен Хамад аль-Тані абмеркавалі розныя аспекты беларуска-катарскага супрацоўніцтва, у тым ліку перспектыўныя напрамкі развіцця ўзаемадзеяння ў сферы эканомікі.

"Спадзяёмся, што адносіны паміж Беларуссю і Катарам будуць развівацца, і Катар зможа разглядаць Беларусь у якасці доўгатэрміновага партнёра", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Тамім бен Хамад аль-Тані адзначыў, што для Катара адносіны з Беларуссю вельмі важныя і маюць стратэгічны характар. Ён заявіў аб гатоўнасці катарскага боку выбудоўваць узаемадзеянне з Беларуссю па ўсіх напрамках.

На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым бакі абмеркавалі маючыя адбыцца візіты на вышэйшым узроўні, якія дадуць магчымасць сур`ёзна прааналізаваць праблемныя моманты, што ўзнікаюць пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу. "Сённяшняя сустрэча - гэта крок да таго, каб абмяркоўваць гэтыя пытанні і праблемы", - адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў выказаў задавальненне магчымасцю сустрэцца. Паводле яго слоў, развіццё эканамічных адносін паміж краінамі ідзе добрымі тэмпамі. Больш таго, Беларусь і Казахстан з`яўляюцца членамі Еўразійскага эканамічнага саюза і АДКБ. "Таму любая сустрэча для нас карысна", - сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Асобна Нурсултан Назарбаеў акцэнтаваў увагу на добрых перспектывах для Беларусі па выкарыстанні транспартнай інфраструктуры Казахстана для развіцця гандлёвых адносін з Кітаем. Ён растлумачыў, што за апошні час многае зроблена для развіцця гэтай сферы, што значна паскарае дастаўку грузаў. Лукашэнка прыняў удзел у саміце АІС у Стамбуле Кіраўнік дзяржавы выступіў на гэтым мерапрыемстве з прамовай.

На палях саміту таксама адбыліся сустрэчы і перагаворы з лідарамі замежных краін. Таксама Беларусь гатова прыняць самы актыўны ўдзел у аднаўленні эканомікі Афганістана, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прэм`ер-міністрам гэтай краіны Абдулой Абдулой.

"Мы гатовы да супрацоўніцтва з Афганістанам па ўсіх напрамках. Забароненых тэм абсалютна няма", - запэўніў кіраўнік дзяржавы. Ён прапанаваў Афганістану стварыць неабходную для развіцця супрацоўніцтва нарматыўна-прававую базу, заключыўшы класічныя пагадненні, напрыклад, аб узаемнай падтрымцы і абароне інвестыцый, а таксама вызначыць 3-4 фундаментальныя праекты.

"Будзем рухацца ў такім напрамку, а пасля гэтых праектаў з`явяцца дзясяткі іншых. Упэўнены, што вы будзеце супрацоўнічаць з намі з вялікім інтарэсам, - сказаў Прэзідэнт. - Аднаўленне вашай краіны, развіццё Афганістана запатрабуе ўсяго таго, што ёсць у Беларусі. І мы гатовы да супрацоўніцтва, стварэння сумесных вытворчасцей, у тым ліку на тэрыторыі Афганістана, той тэхнікі, якая вам будзе патрэбна".

У сваю чаргу Абдула Абдула выказаў надзею, што бакі змогуць паспяхова працаваць разам і пашыраць узаемавыгаднае партнёрства. "Згодны, што паміж нашымі краінамі існуюць цудоўныя магчымасці для гандлю і інвестыцый", - сказаў ён.

Беларусь таксама разлічвае на ўзмацненне гандлёва-эканамічных адносін з Інданезіяй і дасягненне тавараабароту на ўзроўні больш як $1 млрд. Аб гэтым размова ішла на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з віцэ-прэзідэнтам Інданезіі Юсуфам Калам.

Асаблівы акцэнт быў зроблены на перспектывах узаемадзеяння ў прамысловасці. Беларусь у гэтым напрамку гатова ствараць сумесныя прадпрыемствы на тэрыторыі Інданезіі, улічваючы вялікую неабходнасць гэтай краіны ў грузавіках і іншай тэхніцы, вытворчасць якой асвоена ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок таксама чакае візіту кіраўніцтва Інданезіі ў Мінск. "Мы маглі б у выніку гэтага візіту выйсці не толькі на аб`ёмы тавараабароту, але і пашырыць наменклатуру тавараў, якімі гандлююць нашы краіны", - сказаў беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта, дадатковы імпульс развіццю двухбаковых адносін надало б адкрыццё пасольства Інданезіі ў Беларусі.

На перагаворах Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Пакістана Мамнунам Хусэйнам бакі канстатавалі добрую дынаміку ў развіцці беларуска-пакістанскага ўзаемадзеяння.

"Мы вельмі аператыўна рушылі наперад на многіх напрамках нашага супрацоўніцтва. Наша задача - паскорыцца, і мы да гэтага гатовы па ўсіх напрамках", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па выніках многіх перагавораў дасягнуты дамоўленасці аб хуткім абмене візітамі на вышэйшым узроўні, што павінна надаць яшчэ большую дынаміку развіццю двухбаковых адносін.

15 красавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/216/35218
Текущая дата: 30.11.2024