Аб гэтым заявіў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амана 19 красавіка ў Мінску на адкрыцці 8-й міжнароднай выставы "Атамэкспа-Беларусь".
"Можна сказаць, што стварэнне двухблочнай станцыі ў Астраўцы ўяўляе сабой адзін з найбольш паспяховых праектаў у краінах, якія ўступаюць на шлях развіцця атамнай энергетыкі", — заявіў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Юкія Амана 19 красавіка ў Мінску на адкрыцці 8-й міжнароднай выставы "Атамэкспа-Беларусь".
Ён падкрэсліў, што Беларусь з`яўляецца вельмі важным партнёрам МАГАТЭ і гэта мерапрыемства "дасць магчымасць Беларусі наладзіць вельмі важныя кантакты і паразуменне з іншымі ўдзельнікамі гэтага працэсу".
Паводле слоў Амана, нягледзячы на аварыю на Фукусіме, "жыццё паказала, што розныя краіны працягваюць выказваць цікавасць да развіцця атамнай энергетыкі". "Гэта дапамагае краінам як развіваць нацыянальную прамысловасць, павялічваць дабрабыт свайго насельніцтва, так і змагацца з павелічэннем вытворчасці парніковых газаў", — дадаў ён.
"Няма неабходнасці нагадваць, што бяспека з`яўляецца асноўным кірункам нашай працы, і аварыя на Фукусіме прадэманстравала, што нават у вельмі развітых у прамысловых адносінах краінах магчымыя аварыі такога роду", — сказаў Амана.
Пры гэтым ён адзначыў, што з моманту аварыі на Фукусіме бяспека АЭС у свеце значна вырасла. "Але гэта не дае нам якой-небудзь падставы да самазаспакаення", — падкрэсліў гендырэктар МАГАТЭ.
Амана ўпэўнены ў тым, што "ў наступных дзесяцігоддзях атамныя станцыі пакажуць сябе як самая бяспечная крыніца электраэнергіі".
Віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка, выступаючы на адкрыцці выставы, выказаў падзяку Юкія Амана за візіт у Беларусь. "Беларусь з пачатку будаўніцтва АЭС прытрымлівалася, прытрымліваецца і будзе прытрымлівацца рэкамендацый МАГАТЭ — гэта рэкамендацыі ўключыць сусветны вопыт асваення мірнага атама з першых крокаў і да сённяшніх дзён", — запэўніў Сямашка.
Ён паведаміў, што будаўніцтва АЭС ідзе па плане. "Плануем да канца 2017 года пусціць першы энергаблок, а да 1 ліпеня 2020 года — другі", — сказаў віцэ-прэм`ер.
Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк у сваю чаргу паведаміў, што будаўніча-мантажныя работы на будучай АЭС на гэты момант выкананы прыкладна на 38%. "Наперадзе — мантаж абсталявання і пусканаладка. Фінансаванне будаўніцтва ажыццяўляецца па графіку, па факце выкананых работ", — дадаў намеснік міністра.
БелаПАН, 19 красавіка 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/216/35233
Текущая дата: 30.11.2024