Белорусский портал в Казахстане

ЕС павялічыць аб`ём фінансавай падтрымкі Беларусі ў 2016 годзе да 29 млн еўра



Аб гэтым заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

Еўрасаюз выдзеліць Беларусі ў 2016 годзе 29 млн еўра, што амаль у два разы больш, чым у 2015-м.

"Мы павялічылі наш аб`ём падтрымкі амаль у два разы, на 2016 год ён складае 29 млн еўра. У іх уваходзіць тры так званыя прыярытэты: пытанні міграцыі, рэгіянальнае эканамічнае развіццё, аказанне тэхнічнай дапамогі", - адзначыла Андрэа Віктарын.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што лічбы падтрымкі - гэта не галоўнае. Больш важна арганізацыя супрацоўніцтва паміж мясцовай уладай, грамадзянскай супольнасцю, іншымі партнёрамі з мэтай устойлівага развіцця рэгіёнаў.

"Важна таксама, каб ініцыятыва развівалася знізу", - сказала Андрэа Віктарын.

31 сакавіка ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія падпісання мемарандумаў аб узаемаразуменні паміж Праграмай развіцця ААН і выканаўчымі камітэтамі 30 пілотных раёнаў праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН "Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь".

Мемарандумы з`яўляюцца сімваламі гатоўнасці 30 пілотных раёнаў Беларусі апрабаваць тэрытарыяльна арыентаваны падыход да развіцця малых гарадоў і сельскіх тэрыторый. Гэты падыход заснаваны на выяўленні ўнікальных асаблівасцей і праблем кожнага раёна. Гэта комплексны працэс, у якім узаемадзейнічаюць дзяржава, бізнес і розныя групы грамадзян.

Аб`ядноўваючы ўсе даступныя рэсурсы - прыродныя, эканамічныя і сацыяльныя, ён з`яўляецца спосабам паляпшэння ўмоў жыцця людзей на аснове мабілізацыі іх уласнага патэнцыялу. У 30 пілотных раёнах плануецца правесці маштабную работу па стварэнні мясцовых ініцыятыўных груп па планаванні тэрытарыяльна арыентаванага падыходу, якія аб`ядноўваюць інтарэсы органаў улады, некамерцыйных арганізацый і бізнесу ў распрацоўцы прыярытэтаў развіцця раёнаў.

Для членаў мясцовых супольніцтваў з`явіцца магчымасць прыняць удзел у навучальных мерапрыемствах і паездках у краіны ЕС для вывучэння вопыту ў сферы ўстойлівага тэрытарыяльнага развіцця. У канцы 2016 - пачатку 2017 года пройдзе конкурс мясцовых ініцыятыў, у час якога кожны раён зможа атрымаць да 70 тыс. еўра на вырашэнне праблем мясцовага значэння.

31 сакавіка 2016, Мінск
Юлія Огнева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/218/35001
Текущая дата: 30.11.2024