Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прапануе Славеніі стаць пляцоўкай для выхаду на рынак ЕАЭС



Аб гэтым заявіў 25 сакавіка прэм`ер-міністр Беларусі на сустрэчы з намеснікам прэм`ер-міністра - міністрам замежных спраў Славеніі Карлам Эр`яўцам.

Беларусь прапануе Славеніі стаць пляцоўкай для выхаду на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза

"Беларусь з`яўляецца краінай - заснавальніцай Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы гатовы прадаставіць усе магчымасці нашага членства для таго, каб развіваць не толькі наша двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, але і каб Беларусь была той пляцоўкай, з якой Славенія магла б працаваць на ўвесь ЕАЭС", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, Беларусь вельмі зацікаўлена як у развіцці двухбаковых адносін са Славеніяй, так і ў раўнапраўным і ўзаемавыгадным партнёрстве з Еўрапейскім саюзам. Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што расцэньвае бягучы візіт як сведчанне таго, што Славенія гатова да далейшага пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы.

"Мы лічым, што наш сённяшні аб`ём тавараабароту - $80 млн - гэта вельмі невялікі аб`ём, мы мелі ў сваёй гісторыі і большыя значэнні. Мы хацелі б паставіць перад сабой амбіцыйную задачу вярнуцца да тых максімумаў, якія мелі, і перасягнуць іх", - сказаў прэм`ер-міністр. Ён падкрэсліў, што беларускі бок вельмі зацікаўлены ў тым, каб кампаніі са Славеніі сур`ёзна ўдзельнічалі ў эканамічным жыцці Беларусі.

"Спажыўцы давяраюць якасці славенскай прадукцыі. Разам з тым пакуль колькасць сумесных і славенскіх прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі нязначная", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Кіраўнік беларускага ўрада лічыць, што ў Беларусі і Славеніі добрыя перспектывы супрацоўніцтва ў такіх сферах, як энергетыка, будаўніцтва, машынабудаванне, сельская гаспадарка. "Мы зацікаўлены ў развіцці турызму. І мы вельмі хацелі б, каб не толькі вы, але і грамадзяне Славеніі адчулі, якая гасцінная краіна Беларусь", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Ён перадаў прывітанне прэм`ер-міністру Славеніі Міро Цэрару і запрасіў яго з візітам у Беларусь. "Мы будзем вельмі рады і будзем сур`ёзна рыхтавацца да гэтага візіту", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

У сваю чаргу Карл Эр`явец падзякаваў беларускаму боку за візіт. "Склалася ўяўленне аб шчырым жаданні двух бакоў прадаўжаць і развіваць супрацоўніцтва", - сказаў ён.

Тавараабарот Беларусі і Славеніі па выніках 2015 года склаў $80,1 млн і скараціўся на 26,5 працэнта ў параўнанні з 2014 годам, пры гэтым беларускі экспарт склаў $8,9 млн і зменшыўся на 40,3 працэнта пры адначасовым зніжэнні імпарту са Славеніі на 24,8 працэнта ($71,2 млн).

Сальда знешняга гандлю склалася адмоўнае - $62,3 млн (зменшылася на $17,6 млн). Асноўнымі экспартнымі пазіцыямі ў Славенію ў 2015 годзе сталі валокны сінтэтычныя нячэсаныя, скручаны дрот з чорных металаў без электрычнай ізаляцыі, электраабсталяванне для запальвання і пуску рухавікоў унутранага згарання.

Найбольш важныя імпартныя пазіцыі ў Беларусь - лекавыя сродкі, расфасаваныя для рознічнага продажу, фарбы і лакі на аснове сінтэтычных палімераў у няводным і водным асяроддзях, машыны і ўстройствы для пад`ёму, пагрузкі і разгрузкі, харчовыя прадукты, машыны электрычныя і апаратура, вакцыны, сывараткі з крыві, кроў, зборныя будаўнічыя канструкцыі.

Мінск, 25 сакавіка 2016
Юлія Огнева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/219/34867
Текущая дата: 30.11.2024