Белорусский портал в Казахстане

Дзяржкаммаёмасць падрыхтавала да конкурснага продажу чатыры АТ з блізкімі да 100 працэнтаў пакетамі акцый



Пра гэта паведаміў у інтэрв`ю старшыня Дзяржкаммаёмасці Андрэй Гаеў.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці падрыхтаваў да конкурснага продажу чатыры акцыянерныя таварыствы рэспубліканскай уласнасці з пакетам акцый, блізкім да 100 адсоткаў.

"Падрыхтаваны ўжо прапановы па продажы па конкурсе чатырох акцыянерных таварыстваў рэспубліканскай уласнасці з пакетам, блізкім да 100 адсоткаў, яны знаходзяцца на разглядзе. Гэта сярэднія прадпрыемствы, не стратныя, нармальна функцыянуюць, але маюць патрэбу ў інвестыцыях. Інвестар неабходны для ўкладання сродкаў у мадэрнізацыю, новыя тэхналогіі", - адзначыў Андрэй Гаеў.

Паводле яго слоў, два таварыствы знаходзяцца ў кампетэнцыі Міністэрства прамысловасці, два - Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Андрэй Гаеў таксама канстатаваў, што ёсць прапановы па сямі таварыствах з нязначнай доляй дзяржавы.

"Продаж гэтых прадпрыемстваў прапануецца ажыццяўляць праз фондавую біржу, паколькі пакет акцый не перавышае 20 адсоткаў. Мы паглядзелі, што калі рэалізаваць іх па цане, вызначанай на падставе балансавага кошту, то дзяржава за адзін раз атрымае такія ж грошы, як калі б яна збірала дывідэнды на працягу 70 гадоў", - рэзюмаваў ён.

18 лютага 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/226/34435
Текущая дата: 30.11.2024