Белорусский портал в Казахстане

Кітайскі праект эканамічнага пояса Шаўковага шляху ўяўляе для Беларусі інтарэс



Такое меркаванне выказалі эксперты Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі ў час сустрэчы з дэлегацыяй Азіі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук (КАГН).

Кіраўнік дэлегацыі дырэктар Інстытута Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Лі Юнцюань падкрэсліў, што ў хуткім часе эканамічны пояс Шаўковага шляху пяройдзе ад канцэпцый да канкрэтных праектаў. «Казахстан, Кыргызстан, Туркменістан праяўляюць ужо актыўнасць. Думаю, з Беларуссю таксама будуць добрыя праекты», — паведаміў прадстаўнік КАГН.

Эканамічны пояс Шаўковага шляху — ініцыятыва па стварэнні лагістычнай інфраструктуры для хуткай дастаўкі тавараў з Азіі ў краіны ЕС. Чакаецца, што праект ахопіць 18 дзяржаў з насельніцтвам больш як 3 млрд. чалавек. Пракладка новых магістралей, чыгунак, трубаправодаў будзе садзейнічаць развіццю энергетыкі, сельскай гаспадаркі, горнай справы, турызму, культурнага абмену.

У час размовы беларускія і кітайскія эксперты абмеркавалі таксама пытанні, звязаныя з украінскім крызісам, перспектывы Еўразійскага эканамічнага саюза, актуальныя праблемы сусветнай эканомікі.

КАГН — вядучая кітайская «фабрыка думкі» ў галіне грамадазнаўчых навук. На думку часопіса «Форын Полісі» — нумар адзін ва ўсім Азіяцкім рэгіёне. Акадэмія займаецца даследаваннямі ў галіне міжнародных адносін, паліталогіі, эканомікі і іншых напрамкаў. У яе склад уваходзіць амаль 40 інстытутаў, больш як 180 даследчых цэнтраў, яна аб’ядноўвае каля 3,3 тыс. вучоных. Выдавецтвы КАГН выпускаюць 70 навуковых часопісаў на кітайскай і англійскай мовах.

Звязда, 24 снежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/261/28776
Текущая дата: 19.05.2024