Белорусский портал в Казахстане

Беларусь будзе імкнуцца да нармалізацыі адносін з Захадам



Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 снежня пры прадстаўленні на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Косінца.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў полі зроку Адміністрацыі Прэзідэнта павінны знаходзіцца пытанні не толькі ўнутранай, але і знешняй палітыкі. "Геапалітычная абстаноўка і ў свеце, і вакол нашай краіны становіцца ўсё больш складанай", - падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, задачу па выпрацоўцы і рэалізацыі апераджальных дзеянняў у адказ на знешнія пагрозы трэба вырашаць ва ўзаемадзеянні з урадам і МЗС.

Наступны год стане ключавым для Беларусі па многіх напрамках. У прыватнасці, стане рэальнасцю Еўразійскі эканамічны саюз. Тут, паводле слоў Прэзідэнта, нельга дапусціць страты ўласных інтарэсаў.

"Асобнае пытанне - адносіны з Захадам, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Так, ёсць станоўчыя моманты як у палітычнай, так і ў эканамічнай галіне. Давайце будзем прадаўжаць работу ў гэтым напрамку. Але ні ў якім разе нельга дапусціць націску на нас. Ні з Захаду, ні з Усходу націск непрымальны, асабліва з маючымі адбыцца выбарамі". Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, падкрэсліў Прэзідэнт.

Закранаючы адносіны з Расіяй, ён сказаў: "Нам сёння гэту краіну ніхто ў свеце не заменіць. Беларусь не будзе дзейнічаць на шкоду брацкай Расіі".

Гаворачы аб супрацоўніцтве з Захадам, Прэзідэнт адзначыў: "Мы мяжуем з Захадам і не хочам ніякіх сутыкненняў - ні палітычных, ні дыпламатычных. Палавіна нашага гандлю там. Калі Захад працягне нам руку супрацоўніцтва, то трэба гэтым скарыстацца. Мы будзем імкнуцца да нармалізацыі адносін з Захадам. Калі яны хочуць з намі на роўных супрацоўнічаць і даюць сігналы да гэтага, мы прымем гэты сігнал. Мы заўсёды гаварылі аб гэтым - давайце садзіцца за стол перагавораў і дагаворвацца".

30 снежня 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/261/28839
Текущая дата: 19.05.2024