Белорусский портал в Казахстане

Украінскае і венгерскае прадпрыемствы выконваюць заказы на пастаўку камплектуючых для Беларускай АЭС



Украінскае ПАО "Энергамашспецсталь" (ЭМСС, уваходзіць у машынабудаўнічы дывізіён Расатама — "Атамэнергамаш") падыходзіць да завяршэння вытворчасці загатовак для Беларускай АЭС, паведамляецца на сайце "Атамэнергамаша."

З вытворчай пляцоўкі ЭМСС у адрас ААТ "АЭМ-тэхналогіі" (таксама ўваходзіць у "Атамэнергамаш") адгружана чарговая партыя камплектуючых для парагенератараў, калектараў, галоўных цыркуляцыйных насосаў і галоўных цыркуляцыйных трубаправодаў. Агульная вага пастаўкі склала 267 тон. На "Энергамашспецсталі" загатоўкі прайшлі поўны цыкл апрацоўкі з фінішнай механаапрацоўкай. Поўнасцю завяршыць выкананне заказу на вытворчасць загатовак для Беларускай АЭС у агульным аб`ёме 4.568 тон плануецца да канца 2014 года. 

Тыдзень таму венгерскае прадпрыемства Ganz EEM (таксама ўваходзіць у машынабудаўнічы дывізіён Расатама — "Атамэнергамаш") пачало вытворчасць васьмі высокапрадукцыйных цыркуляцыйных насосаў для Беларускай АЭС. Перад пачаткам запуску вытворчасці насосаў, сканструяваных для сістэмы ахаладжэння, прадпрыемства вырабіць маламаштабную мадэль буйнагабарытных насосаў з мэтай пацвярджэння параметраў наступных вялікіх насосаў. 

Асноўны аб`ём рэактарнага абсталявання для Беларускай АЭС вырабляецца на дзвюх вытворчых пляцоўках ААТ "АЭМ-тэхналогіі" ў Петразаводску і Волгадонску (Расія). 

Беларуская АЭС — праект па будаўніцтве атамнай электрастанцыі тыпу АЭС-2006 у Беларусі, за 18 кіламетраў ад гарадскога пасёлка Астравец (Гродзенская вобласць). АЭС будзе мець два энергаблокі з водна-вадзянымі энергетычнымі рэактарамі магутнасцю да 1200 МВт кожны. Згодна з планамі, першы блок павінен быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2018 годзе, другі — не пазней за 2019 год.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/265/28218
Текущая дата: 18.05.2024