Белорусский портал в Казахстане

Беларусь мае намер выставіць іскі па "калійнай справе" на 100 млн. долараў



Сума беларускіх грамадзянскіх іскаў па гэтак званай калійнай справе складзе прыблізна 100 млн. долараў, паведаміў 4 лістапада ў Мінску генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Паводле яго слоў, канкрэтна пра час разгляду іскаў пакуль казаць рана, бо "калійная справа" працягвае разглядацца ў Расіі.

Як паведамлялася раней, грамадзянскія іскі па "калійнай справе" Беларусь плануе заявіць на судзе над былым гендырэктарам расійскай кампаніі "Уралкалій" Уладзіславам Баўмгертнерам, калі такі суд адбудзецца. Упаўнаважанымі на заяву іскаў у судзе могуць быць работнікі Генпракуратуры або Следчага камітэта Беларусі.

Гендырэктар ААТ "Уралкалій", старшыня назіральнага савета беларуска-расійскага ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" (БКК) Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы ў Мінску 26 жніўня 2013 года. Першапачаткова яго абвінавачвалі ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, затым таксама ў крадзяжы.

Следчы камітэт Беларусі паведамляў, што супрацьпраўныя дзеянні Баўмгертнера і шэрагу іншых топ-менеджараў БКК нанеслі ўрон да 100 млн. долараў. Пазней было заяўлена, што сума ўрону можа быць значна павялічаная. У красавіку Канюк паведаміў журналістам, што Генпракуратура рыхтуе некалькі іскаў аб кампенсацыі матэрыяльнага ўрону ў межах расследавання "справы Баўмгертнера": адзін іск будзе накіраваны ў Расію "ў парадку рэалізацыі міжнародных пагадненняў", астатнія — па факце нанясення ўрону беларускімі фігурантамі крымінальнай справы.

БелаПАН, 4 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/266/28032
Текущая дата: 17.05.2024