Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі падкрэслівае надуманы характар прэтэнзій да бяспекі Беларускай АЭС



Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.

"Гэта маштабнейшы праект, які не ўсім па душы. На нас спрабуюць націскаць як па лініі двухбаковых адносін, так і міжнародных арганізацый. Маўляў, "не ўзгаднілі канчаткова", "небяспечную АЭС будуеце". Хопіць! Узгаднілі! Бяспечная!" - падкрэсліў беларускі лідар.

"МЗС, Мінпрыроды, іншыя зацікаўленыя павінны арганізаваць сваю работу так, каб гэтыя надуманыя прэтэнзіі былі зняты", - даручыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што, па сутнасці, гэты праект прывёў да стварэння ў Беларусі новай галіны эканомікі.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы заклікаў разам з будаўніцтвам АЭС удзяляць належную ўвагу і праектам па выкарыстанні альтэрнатыўных і аднаўляльных крыніц энергіі. "Тым больш што грошы на такія "модныя" праекты гатовы выдзеліць нават такія арганізацыі, якія цяжка западозрыць у сімпатыях да нас", - адзначыў беларускі лідар.

17 ліпеня 2014, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/275/26644
Текущая дата: 18.05.2024