Белорусский портал в Казахстане

Прадпрыемствы Мінбудархітэктуры Беларусі ў I квартале амаль у два разы павялічылі экспарт прадукцыі ў Германію



Аб гэтым паведаміў 7 траўня на калегіі ведамства намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Сідараў.

Прадпрыемствы, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі, у студзені - сакавіку 2014 года павялічылі экспарт прадукцыі ў Германію ў 1,8 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

"Па выніках работы падведамных прадпрыемстваў у першым квартале дасягнута дадатная дынаміка экспарту тавараў на асноўныя рынкі збыту, нягледзячы на існуючыя там няпростыя ўмовы, а таксама забяспечана нарошчванне паставак на новыя рынкі збыту. Так, у Германію пастаўкі беларускіх будматэрыялаў павялічаны ў 1,8 раза, у Чэхію - у 1,4 раза, значна ўзрос экспарт у Польшчу", - адзначыў намеснік міністра. У цэлым, паводле яго даных, экспарт прадукцыі прадпрыемстваў Мінбудархітэктуры за студзень-сакавік павялічыўся на 9,6 працэнта пры заданні на першы квартал дасягнуць тэмпу росту 105-106 працэнтаў.

Пры гэтым Аляксандр Сідараў адзначыў, што ў галіне захоўваюцца пэўныя праблемы ў экспарце прадукцыі. Дзве трэці экспарту тавараў па міністэрстве забяспечваюць сем арганізацый, якія вырабляюць цэмент, шкло, керамічную плітку, граніт і шчэбень. Аналіз экспарту тавараў па асобных сегментах паказаў, што ў кожным з іх ёсць відавочныя лідары. Напрыклад, сярод вытворцаў керамічных вырабаў лідарам па экспарце з`яўляецца ААТ "Кераміка", сярод вытворцаў сілікатных вырабаў - ААТ "Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў", сярод вытворцаў металаканструкцый 90 працэнтаў усяго аб`ёму экспарту забяспечваюць РУП "Маладзечанскі завод металаканструкцый" і ААТ "Магілёўскі завод "Строммашына".

7 траўня 2014, Мінск
Кацярына Марковіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/287/25992
Текущая дата: 20.11.2024