Белорусский портал в Казахстане

Фінансавая міліцыя спыніла дзейнасць злачыннай групы па рэалізацыі польскіх яблыкаў у Беларусі і Расіі



У злачыннай схеме былі задзейнічаны рэквізіты і разліковыя рахункі 11 ілжэпрадпрымальніцкіх кампаній.

У выніку правядзення супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці і ўпраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Брэсцкай вобласці сумесных аператыўна-вышуковых і кантрольных мерапрыемстваў спынена дзейнасць арганізаванай злачыннай групы, якая выкарыстоўвала ценявыя схемы паставак садавіны на рынкі Беларусі і Расіі.

Як паведаміла прэс-служба КДК, удзельнікі злачыннай групы, выкарыстоўваючы падстаўныя кампаніі, у дакументах указвалі, што ўвезеныя з Польшчы ў Беларусь яблыкі нібыта ў далейшым адгружаліся на адрас гэтых ілжэструктур. Фактычна ж яблыкі рэалізоўваліся за наяўны разлік на рынках Беларусі, а таксама вывозіліся ў Расію.

У Беларусь было ўвезена 900 велікагрузных аўтамабіляў з яблыкамі больш як на 10 млн. долараў ЗША. Сума не выплачаных у 2011—2012 гадах падаткаў склала 1,5 млрд. рублёў.

Арганізатарам злачыннай групы з`яўляўся грамадзянін Расіі, у склад групы ўваходзілі жыхары Беларусі. Адносна асоб, якія мелі дачыненне да злачынства, распачаты справы на падставе арт. 18 (арганізаваная група) і ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) Крымінальнага кодэкса.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 ліпеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/294/22036
Текущая дата: 18.05.2024