Белорусский портал в Казахстане

Дэлегацыя Асацыяцыі аўстрыйскай прамысловасці вывучыць магчымасць удзелу ў працэсах прыватызацыі ў Беларусі



Пра гэта паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Аўстрыі.

Прадстаўнікі аўстрыйскага бізнесу цікавяцца магчымасцю ўдзелу ў працэсах прыватызацыі ў Беларусі.

Гэта і іншыя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння будуць у цэнтры ўвагі ў час візіту ў Мінск 13-14 сакавіка дэлегацыі Асацыяцыі аўстрыйскай прамысловасці на чале з віцэ-прэзідэнтам Хубертам Берчам.

Мэта прыезду аўстрыйскай дэлегацыі ў Беларусь - устанаўленне дзелавых кантактаў і пошук новых магчымасцей для развіцця гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Аўстрыі, разгляд перспектыў удзелу аўстрыйскага бізнесу ў працэсах прыватызацыі ў Беларусі.

Плануецца правядзенне рабочых сустрэч з кіраўніцтвам Міністэрства прамысловасці Беларусі, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі, ДВА "Белэнерга" і "Белпалівагаз", Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Рэспубліканскай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

Асацыяцыя аўстрыйскай прамысловасці - буйнейшае грамадскае аб`яднанне кампаній Аўстрыі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сферы прамысловай вытворчасці. Асноўная задача асацыяцыі - прадстаўляць інтарэсы аўстрыйскай прамысловасці ў адносінах з дзяржавай, садзейнічаць рэалізацыі праектаў сваіх кампаній-членаў за мяжой, прыцягваць прамысловыя інвестыцыі ў Аўстрыю і развіваць вытворчую кааперацыю ў Еўропе, удзельнічаць у ажыццяўленні заканатворчай дзейнасці на нацыянальным і еўрапейскім узроўнях, развіваць інавацыі ва ўсіх галінах прамысловасці. Асацыяцыя аўстрыйскай прамысловасці з`яўляецца актыўным членам еўрапейскай асацыяцыі прамыслоўцаў і работадаўцаў BusinessEurope, генеральным дырэктарам якой са студзеня 2013 года назначаны былы генеральны сакратар асацыяцыі Маркус Байрэр.

12 сакавіка 2013, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/306/19810
Текущая дата: 19.05.2024