Белорусский портал в Казахстане

Сербы зацікаўлены ў арэндзе мінскай зямлі



Сербская холдынгавая кампанія "МК-груп" зацікаўлена ў набыцці ў арэнду 25 тыс. гектараў зямлі.

Кампанія "МК-груп" збіраецца займацца вырошчваннем соі, кукурузы, пшаніцы і бульбы. Аб гэтым паведаміў прэзідэнт кампаніі Міадраг Косціч падчас сустрэчы ў Мінскім абласным выканаўчым камітэце. Па яго словах, кампанія выкарыстоўвае інтэнсіўныя метады земляробства, сучасныя тэхналогіі і эфектыўны менеджмент, якія дазволяць атрымліваць канкурэнтаздольную прадукцыю ва ўмовах беларускага клімату.

"У Мінскай вобласці шмат добрай зямлі, і мы гатовы прапанаваць яе сербскім партнёрам колькі трэба — 25, 30, 40 тысяч гектараў. Яны ў нас падрыхтаваныя", — адзначыў губернатар Міншчыны Барыс Батура. Ён нагадаў сербскім гасцям, што яны могуць скарыстацца прэферэнцыямі, якія існуюць у нашай дзяржаве для тых, хто стварае вытворчасць у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Па яго словах, у краіне спрыяльны інвестыцыйны клімат. Што датычыць сталічнай вобласці, то да інвестараў тут асаблівае стаўленне, мінімум бюракратызму. "Таму з вялікай увагай будзем ставіцца да ўсіх вашых прапаноў".

Таццяна Лазоўская
Звязда, 21 лістапада 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/324/17782
Текущая дата: 19.11.2024