Белорусский портал в Казахстане

Беларусь прадставіла Катару шэраг інвестыцыйных праектаў



Пра гэта заявіў міністр гандлю Валянцін Чэканаў 6 лістапада па выніках другога пасяджэння сумеснага беларуска-катарскага камітэта па эканамічным, гандлёвым і тэхнічным супрацоўніцтве ў Мінску.

Аднак Чэканаў не канкрэтызаваў, якія менавіта гэта праекты. "Беларусь гатова сёння супрацоўнічаць з Катарам ва ўсіх кірунках. Беларусь гатова стварыць усе умовы, каб наш сумесны бізнес развіваўся", — сказаў ён.

Міністр гандлю выказаў задавальненне тым, што сёння ў межах супрацоўніцтва Катара і Беларусі "ёсць пэўныя станоўчыя вынікі ва ўсіх галінах, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы, транспарце, лагістыцы, прамысловай вытворчасці". Дасягнуты таксама "пазітыўныя дамоўленасці" ў спорце і турызме, культуры.

У цэлым, паводле слоў Чэканава, супрацоўніцтва Беларусі і Катара развіваецца станоўча. Тры гады таму было праведзена першае пасяджэнне сумеснага беларуска-катарскага камітэта па эканамічным, гандлёвым і тэхнічным супрацоўніцтве, 6 лістапада завяршылася другое пасяджэнне, быў падпісаны пратакол па яго выніках.

Міністр гандлю выказаў упэўненасць, што сустрэчы прадстаўнікоў Беларусі і Катара будуць спрыяць развіццю супрацоўніцтва ва ўсіх кірунках і павелічэнню тавараабароту. "Пацвярджэннем гэтаму з`яўляецца тое, што найбліжэйшым часам адбудуцца сустрэчы ў межах савета дзелавога супрацоўніцтва паміж нашымі гандлёвымі і прамысловымі палатамі", — сказаў Чэканаў.

У сваю чаргу намеснік міністра бізнесу і гандлю Катара Султан бен Рашыд аль-Хатэр заявіў, што мэтай візіту катарскай дэлегацыі ў Беларусь з`яўляецца пошук новых сумесных праектаў, а таксама працяг рэалізацыі дзейных праектаў і дасягнутых раней дамоўленасцяў.

Паводле яго слоў, пасяджэнне камітэта было "вельмі паспяховым". У межах пасяджэння прадстаўнікі Беларусі і Катара абмеркавалі інвестыцыйныя магчымасці ў прамысловай, навуковай і сацыяльнай сферах. Прадстаўнік Катара заявіў, што дасягнута паразуменне ў неабходнасці рэалізацыі буйных сумесных праектаў і выказаў надзею, што гандлёвае супрацоўніцтва паміж краінамі будзе і далей умацоўвацца.

У склад катарскай дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу прыватных і прыватна-дзяржаўных кампаній. Іх мэта — вывучэнне інвестыцыйных магчымасцяў у Беларусі як у межах спецыялізаваных структур дзяржаўнага сектара, так і ў межах беларускага інвестыцыйнага заканадаўства, якое прадастаўляе асаблівыя ўмовы замежным інвестарам.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 6 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/326/17424
Текущая дата: 19.11.2024