Белорусский портал в Казахстане

Беларусь з 1 лістапада знізіць экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты



Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў нумар 981 ад 26 кастрычніка 2012 года, афіцыйна апублікаванай 31 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.

Экспартная пошліна на сырую нафту з 1 лістапада знізіцца з $418,9 да $404,5 за 1 т. Адзіная стаўка экспартнай пошліны на светлыя і цёмныя нафтапрадукты (акрамя бензіну), якая з 1 кастрычніка 2011 года ўніфікавана на ўзроўні 66 працэнтаў пошліны на нафту, з 1 лістапада 2012 года складзе $267 за 1 т супраць $276,4 за 1 т у кастрычніку 2012 года. Такая ж пошліна ўстаноўлена на бензол, талуол, ксілолы. На таварныя бензіны і прямагонны бензін стаўка вывазных мытных пошлін зыходзячы з каэфіцыента 0,9 складзе $364,1 замест $377 за 1 т у кастрычніку. Разам з тым, пошліна на прапан, бутаны, этылен, прапілен, бутылен і бутадыен, іншыя звадкаваныя газы вырасце са $172,5 да $192,4.

Пастановай унесены змяненні ў пастанову Савета Міністраў нумар 1932 ад 31 снежня 2010 года "Аб устанаўленні ставак вывазных мытных пошлін у дачыненні да нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты, і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь". Дакумент прыняты ў адпаведнасці з указам нумар 716 ад 31 снежня 2010 года "Аб стаўках вывазных мытных пошлін".

З 1 кастрычніка 2011 года Беларусь услед за Расіяй ажыццяўляе разлік экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты па формуле "60/66". Размова ідзе аб прадукцыі, якая вывозіцца з тэрыторыі рэспублікі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Формула разліку прадугледжвае, што стаўка экспартных пошлін на светлыя і цёмныя нафтапрадукты ўніфікуецца і разлічваецца з каэфіцыентам 0,66 (66 працэнтаў) ад стаўкі пошліны на нафту. Адначасова з 1 кастрычніка экспартная пошліна на нафту была зніжана шляхам скарачэння працэнта ад розніцы паміж цаной маніторынгу нафты і цаной адсячэння з 65 працэнтаў да 60 працэнтаў. Пры гэтым каэфіцыент разліку стаўкі пошліны на бензіны складае 0,90 (90 працэнтаў).

З 2011 года Беларусь імпартуе расійскую нафту бяспошлінна, але пералічвае ў бюджэт Расіі вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з гэтай вуглевадароднай сыравіны і прададзеныя ў трэція краіны. Экспартныя пошліны ад продажу нафты ўласнай здабычы (каля 1,7 млн. т у год) рэспубліка залічвае ў свой бюджэт. Так, за студзень-верасень 2012 года Беларусь пералічыла ў бюджэт Расіі $2,93 млрд. вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты, атрыманыя з расійскай нафты. За ўвесь 2011 год сума склала $3,07 млрд.

31 кастрычніка 2012, Мінск
Ганна Кот - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/328/17239
Текущая дата: 19.11.2024