Белорусский портал в Казахстане

Эмбарга і ізаляцыямі ў палітыцы нельга дасягнуць чагосьці добрага



Такое меркаванне выказаў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" дэпутат Еўрапарламента ад Літоўскай Рэспублікі Віктар Успаскіх.

Дэпутат адзначыў, што да санкцый Еўрасаюза адносна Беларусі ставіцца вельмі негатыўна. "Еўрапарламенту рана павучаць Беларусь або іншыя краіны, як ім ажыццяўляць правы чалавека", - сказаў ён, дадаўшы, што "эмбарга або ізаляцыямі нельга чагосьці дасягнуць". Што ж датычыцца спіса "неўязных", то яго Віктар Успаскіх лічыць вялікай памылкай Еўрасаюза, паколькі "калі б чыноўнікі вышэйшага ўзроўню з Еўрасаюза, еўрапейскіх краін часцей ездзілі ў Беларусь і беларускае кіраўніцтва ў гэтыя краіны, адносіны паміж імі паляпшаліся б намнога хутчэй".

На думку дэпутата, краіны павінны быць настроены больш дружалюбна ў дачыненні адна да адной. Прычым, пытаць, ці патрэбны гэтыя адносіны ім, трэба не ў радыкальна настроенай улады, а ў народа. "На 99 працэнтаў магу сказаць, што калі ў літоўцаў спытаць, ці хочуць яны дружыць з Беларуссю, большасць скажа так", - упэўнены Віктар Успаскіх.

Ён паабяцаў, што Партыя Працы, лідарам якой ён з`яўляецца, будзе рабіць усё, каб палепшыць адносіны паміж краінамі. "Мы за тое, каб былі дружалюбныя сустрэчы, каб была работа, адкрываліся новыя і новыя рынкі, быў рух капіталу, інвестыцый і г.д. Мы будзем рабіць усё, каб адносіны паміж нашымі краінамі паляпшаліся, лібералізаваліся", - сказаў ён.

БЕЛТА, 15 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/329/17147
Текущая дата: 19.11.2024