Белорусский портал в Казахстане

Бюджэт Беларусі на 2013 год сфарміраваны з разліку курсу 8.950 рублёў за долар ЗША



Рэспубліканскі бюджэт на 2013 год сфарміраваны з разліку сярэднегадавога курсу 8.950 рублёў за долар ЗША, паведаміў 2 кастрычніка журналістам у Мінску міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец.

Міністр падкрэсліў, што ў апошнія гады ў Беларусі фарміруецца бездэфіцытны бюджэт, які ўдаецца выконваць. Адной з важнейшых задач Харкавец назваў захаванне макраэканамічнай эфектыўнасці, а бюджэт, паводле яго слоў, "будзе якарам для збалансаванага развіцця краіны".

Міністр фінансаў таксама адзначыў, што ў бюджэце на 2013 год высокая доля сацыяльных расходаў. У прыватнасці, сказаў ён, плануецца забяспечыць прырост зарплат у бюджэтнай сферы на 7%.

У 2013 год, паводле слоў Харкаўца, Беларусь "увойдзе са знешнім доўгам 12 мільярдаў долараў, а расходы па пагашэнні складуць 3,2 мільярда". "Лічба гэтая для нас не крытычная, хаця мы ўвайшлі ў перыяд пікавых выплат па знешніх абавязацельствах", — сказаў Харкавец, падкрэсліўшы, што на выплату знешняга доўгу будзе накіравана праца ўсёй беларускай эканомікі.

Кіраўнік Мінфіна таксама паведаміў, што Беларусь гатова рэалізаваць новую праграму з Міжнародным валютным фондам. "У найбліжэйшы час адбудзецца гадавы сход фонду. Дэлегацыя Беларусі правядзе там кансультацыі з прадстаўнікамі МВФ, — сказаў Харкавец. — Мы заяўлялі і будзем заяўляць, што Беларусь гатова рэалізаваць новую праграму з МВФ. Пытанне сёння будзе на баку нашых партнёраў".

Пры гэтым міністр не ўдакладніў, пра якія сумы ў рамках новай праграмы можа ісці гаворка. "Для нас вызначальным з`яўляецца не канкрэтная сума, а адказная макраэканамічная палітыка дзяржавы. Сума вызначыцца як разрыў у фінансаванні эканомікі на найбліжэйшыя тры-пяць гадоў", — сказаў кіраўнік Мінфіна.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 2 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/330/16679
Текущая дата: 19.11.2024