Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка даручыў распрацаваць змяненні ў заканадаўства Беларусі, якія б садзейнічалі развіццю венчурнага фінансавання



Такое рашэнне, як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, ён прыняў 19 чэрвеня падчас сустрэчы з дырэктарам адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Валерыем Цапкалам.

Цапкала праінфармаваў Лукашэнку аб развіцці Парка высокіх тэхналогій. У прыватнасці, адзначыў, што ў 2012 годзе прырост экспарту і аб`ёму распрацоўкі камп`ютарных праграм вырас у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам на 40%.

Асноўная ўвага ў ходзе рабочай сустрэчы была нададзена стварэнню новых магчымасцей для развіцця ПВТ. Гэта найперш распрацоўка прававых механізмаў, якія даюць магчымасць ствараць прадукты ўнутры парка, бо дзейныя нормы ў большай ступені арыентаваныя на мадэль распрацоўкі заказнога праграмнага забеспячэння. "У ПВТ цяпер працуюць каля 12 тысяч праграмістаў. У кампаній ўжо сёння ёсць рэсурсы, якія яны могуць выкарыстоўваць для распрацоўкі ўласнага прадукту. Але для гэтага патрэбны фінансавыя інструменты. І асноўным фінансавым інструментам з`яўляецца венчурнае фінансаванне", — адзначыў Цапкала.

Аднак, паводле яго слоў, у існуючым заканадаўстве ёсць абмежаванні адносна магчымасці банкаў і прадпрыемстваў укладваць грошы ў рызыкоўныя распрацоўкі без гарантыі забяспечанасці вяртання фінансавых сродкаў. "Натуральна, усё гэта патрабуе ўдасканалення беларускага зканадаўства. Таму што без унутранага фінансавання цяжка разлічваць на паспяховае развіццё", — лічыць дырэктар адміністрацыі ПВТ.

Аляксандр Лукашэнка даў адпаведныя даручэнні. Да верасня павінны быць падрыхтаваныя прапановы па змяненнях у заканадаўства, якія б садзейнічалі развіццю венчурнага фінансавання. Хутчэй за ўсё, гэта будзе комплексны дакумент, які дазволіць зняць некаторыя перашкоды і абмежаванні ў гэтай сферы, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 19 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/339/14732
Текущая дата: 19.11.2024