Белорусский портал в Казахстане

Мінэканомікі: па выніках года будзе выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на $25 млрд



У Беларусі па выніках года будзе выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на $25 млрд. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў перад пасяджэннем Прэзідыума Савета Міністраў.

«Імпартазамяшчэнне стала ключавым механізмам і інструментам процідзеяння санкцыйнаму націску, драйверам прамысловай вытворчасці. Акрамя таго, яно садзейнічае зніжэнню імпарту і паляпшэнню нашага плацежнага балансу. Па выніках года будзе выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на суму каля $25 млрд — гэта на 10 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе. 50 працэнтаў будзе накіравана на экспарт. Гэта даволі добрыя паказчыкі», — сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Развіваецца інтэграцыйны напрамак. «Сфармавана каля 20 інтэграцыйных праектаў. Але мы бачым вялікія рэзервы ў гэтым напрамку», — адзначыў міністр.

Таксама асаблівая ўвага ўдзяляецца павелічэнню лакалізацыі. «Гэта павелічэнне тэхналагічных працэсаў на тэрыторыі Беларусі і ў кааперацыі з расійскімі вытворцамі. Гэты напрамак адпрацоўваецца, сёння Мінпрам раскажа аб выніках», — дадаў кіраўнік Мінэканомікі.

Таксама прыярытэтным з’яўляецца выкарыстанне мясцовых сыравінных рэсурсаў. «Мы вельмі вялікую ўвагу ўдзялялі перапрацоўцы лёну, драўніны, скуры. Будзем разглядаць, дзе яшчэ можам паглыбіць нашу перапрацоўку», — сказаў Аляксандр Чарвякоў.

І яшчэ адзін напрамак развіцця імпартазамяшчэння звязаны з прыцягненнем малога бізнесу ў кааперацыю з буйнымі прадпрыемствамі. «Праведзена больш за 20 кантактна-кааперацыйных біржаў, заключана звыш 200 кантрактаў», — праінфармаваў міністр.

Звязда, 27 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/35/67674
Текущая дата: 25.11.2024