Белорусский портал в Казахстане

Фінансы ўжо не спяваюць рамансы



Беларусь ўвайшла ў стандартны працэс бюджэтнага фінансавання.

Да такой высновы прыходзіш пасля сустрэчы намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча з журналістамі, прысвечанай як вынікам развіцця Беларусі ў мінулым годзе, так і рэалізацыі сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўрада сёлета.

Галоўная навіна: нягледзячы на ўсе леташнія праблемы і складанасці на валютным рынку, не вельмі прыемныя, мякка кажучы, змены ў грашова-крэдытнай палітыцы, бюджэт быў выкананы з прафіцытам. Як вынікае са слоў Максіма Ермаловіча, гэты факт стаў прыемнай навіной і для фінансістаў. Бо спачатку яны планавалі, што бюджэт 2011 года, хутчэй за ўсё, будзе выкананы з дэфіцытам не больш за 1,5% валавога ўнутранага прадукту (ВУП), а насамрэч атрымаўся прафіцыт 3%. І гэта не адзіная прыемная нагода гаварыць пра станоўчыя вынікі. У мінулым годзе золатавалютныя рэзервы павінны былі дасягнуць 6-6,5 млрд долараў ЗША, а яны склалі амаль 8 млрд.

Летась удалося забяспечыць крэдытаванне дзяржаўных праграм у запланаваным аб`ёме. А сёлета, па словах намесніка міністра, сумарна на крэдытаванне дзяржпраграм будзе накіравана 18 трыльёнаў рублёў. Пры гэтым новае фінансаванне, ці так званы чысты прырост крэдытавання, складзе 7 трыльёнаў рублёў. Такія значныя сродкі будуць узяты з рэшткаў бюджэту, якія былі назапашаны ўрадам у папярэднія гады. Важны момант: сёлета фактычна ніводзін эмісійны рубель не будзе накіраваны на крэдытаванне дзяржаўных праграм.

Максім Леанідавіч адзначыў, што бюджэт на 2012 год прыняты бездэфіцытны, як і мясцовыя бюджэты. Такі падыход павінен забяспечыць стабілізацыю грашова-крэдытнай палітыкі ў краіне. Бюджэт не будзе аказваць адмоўнага ўплыву на становішча цэн, бо будзе траціцца толькі тое, што зароблена. Ён назваў прыярытэты дзяржаўнай падтрымкі ў бягучым годзе. Яны, па сутнасці, ранейшыя. У першую чаргу — будаўніцтва жылля і сацыяльных аб`ектаў, інвестыцыйныя праекты ў сельскай гаспадарцы. Сёлета 53% выдаткаў складуць зарплаты бюджэтнікам, субсідаванне працэнтных ставак па крэдытах і абслугоўванне дзяржаўнага і мясцовых абавязацельстваў. Гэта значыць, што вялікая частка рэсурсаў будзе накіроўвацца на бягучае спажыванне. Бо, як сказаў Максім Леанідавіч, асноўная мэта цяперашніх змен у структуры выдаткаў бюджэту — падтрымка насельніцтва і нацыянальнай эканомікі, у значных аб`ёмах будуць актыўна фінансавацца адукацыя і ахова здароўя.

А як пачаўся гэты год і якія яго галоўныя задачы? Намеснік міністра паведаміў папярэднія вынікі выканання бюджэту ў студзені. Ён таксама выконваецца з прафіцытам, як, дарэчы, і бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. — Гэта значыць, — звярнуў увагу прысутных намеснік міністра, — мы ўвайшлі ў стандартны працэс бюджэтнага фінансавання. Што, безумоўна, будзе ў значнай ступені садзейнічаць дасягненню запланаваных на бягучы год высокіх тэмпаў эканамічнага росту. А гэты працэс запатрабуе і адэкватнага бюджэтнага фінансавання. Таму ўжо ўсе рашэнні, якія неабходна было прыняць па рэалізацыі палітыкі макраэканамічнай стабілізацыі ў краіне і выхаду на ўстойлівы эканамічны рост, прынятыя". Больш за тое, у фінансавай сферы, як падкрэсліў намеснік міністра, зроблены беспрэцэдэнтныя захады па падтрымцы прадпрыемстваў: зніжана падатковая нагрузка, створаны ўмовы па хуткай акупнасці інавацыйных праектаў, асабліва ў высокатэхналагічнай вытворчасці.

Новая рыса гэтага года — пачатак абслугоўвання знешніх абавязацельстваў па замежных крэдытах і запазычаннях. Выплат па даўгах не трэба палохацца: у бюджэце на гэтыя мэты сёлета зарэзервавана 1,6 млрд долараў ЗША. Таму Беларусь выканае ўсе свае абавязкі перад замежнымі крэдыторамі.

Леанід Тугарын
Звязда, 10 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/354/12151
Текущая дата: 18.11.2024