У Баранавічах пабудуюць індустрыяльны парк, паведаміў дырэктар Брэсцкага навукова-тэхналагічнага парка Дзмітрый Макарук.
У Баранавічах будзе размяшчацца філіял Брэсцкага тэхнапарка. «Канцэпцыя простая, але не зусім тыповая для Беларусі. Яна ў чымсьці падобная на індустрыяльны парк „Вялікі камень“, але гэты праект для гарадоў 80+. „Пілоты“ будуць рэалізаваны ў Баранавічах і Пінску. Гаворка ідзе пра прадастаўленне гатовых індустрыяльных плошчаў (у асноўным вытворчых) арганізацыям, якія зацікаўлены нешта вырабляць. У нашым выпадку ўпор робіцца на выпуск інавацыйных вырабаў», — распавёў Дзмітрый Макарук.
У прыватнасці, у Баранавічах побач з заводам аўтаматычных ліній зарэзерваваны ўчастак плошчай 13,7 га. На гэтай тэрыторыі плануецца пабудаваць індустрыяльны парк, вытворчыя памяшканні якога будуць перадаваць у карыстанне рэзідэнтам. Праект прадугледжвае ўзвядзенне трох цэхаў па тыпу прамысловай гасцініцы. Плошча аднаго цэха — 6,9 тыс. кв. м.
«Мы падрыхтуем інфраструктуру, і туды змогуць заязджаць рэзідэнты, каб займацца вытворчасцю. Для іх абслугоўвання будуць яшчэ пабудаваныя лагістычны цэнтр, невялікі адміністрацыйна-бытавы корпус з лабараторыямі і офісамі», — растлумачыў суразмоўца.
Пачатак будаўніцтва намечаны на наступнае лета. Заказчыкам выступае Брэсцкі аблвыканкам. Першы корпус тэхнапарка ў Баранавічах плануецца здаць у эксплуатацыю ў 2025 годзе.
За рэалізацыю падобнага праекта ў Пінску возьмецца Палескі тэхнапарк. «У Баранавічах і Пінску дастаткова пустуючых плошчаў. Калі камусьці трэба будзе іх заняць, не чакаючы 2025 года, адпаведна, гэтыя плошчы могуць быць прадастаўлены патэнцыйным рэзідэнтам тэхнапаркаў і інвестарам», — адзначыў Дзмітрый Макарук.
Звязда, 14 снежня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/36/67461
Текущая дата: 25.11.2024