Белорусский портал в Казахстане

Найбуйнейшыя аўдытарскія кампаніі свету прызналі эканоміку Беларусі гіперінфляцыйнай



Чацвёрка найбуйнейшых сусветных аўдытарскіх кампаній — PricewaterhouseCoopers, Deloitte, Ernst&Young, KPMG — прызнала эканоміку Беларусі гіперінфляцыйнай.

Аб прысваенні беларускай эканоміцы "вялікай чацвёркай" аўдытарскіх кампаній статусу "гіперінфляцыйнай" паведаміла 7 снежня аўстрыйская кампанія Telecom Austria (уладальнік ЗП "Велком") у спецыяльным прэс-рэлізе, дзе адзначаецца, што цяпер кампаніі velcom давядзецца даваць справаздачу па стандарце 29 "Фінансавая справаздачнасць у гіперінфляцыйнай эканоміцы" Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці (МФСО).

Гэты стандарт устанаўлівае, што ва ўмовах гіперінфляцыі даванне справаздачнасці па выніках гаспадарчай дзейнасці і фінансаваму становішчу ў мясцовай валюце без пераацэнкі не мае сэнсу. Грошы губляюць пакупніцкую здольнасць такімі хуткімі тэмпамі, што параўнанне сум, атрыманых у выніку аперацый і іншых падзей, якія мелі месца ў розны час, нават на працягу аднаго справаздачнага перыяду часта аказваецца немагчымым.

Стандарт 29 не ўстанаўлівае абсалютнага значэння ўзроўню інфляцыі, пачынаючы з якога яна пераходзіць у гіперінфляцыю, але ў той жа час дае наступныя характарыстыкі гіперінфляцыйнай эканомікі:

— большасць насельніцтва лічаць за лепшае захоўваць свае зберажэнні ў неграшовых актывах ці ў адносна стабільнай замежнай валюце, цэны на тавары могуць устанаўлівацца ў гэтай валюце;

— продаж і пастаўкі з адтэрміноўкай плацяжу ажыццяўляюцца па цэнах, што кампенсуюць чаканую страту пакупніцкай здольнасці на працягу перыяду крэдыту, нават калі гэты перыяд нядоўгачасовы;

— працэнтныя стаўкі, заработная плата і цэны прывязваюцца да індэксу цэн, агульны ўзровень інфляцыі за тры гады набліжаецца ці перавышае 100%.

У Беларусі інфляцыя ў лістападзе склала 8,1%, а з пачатку года — 104%. Такім чынам, толькі за 2011 год перавышаны апошні пункт, указаны ў стандарце.

Аднясенне эканомікі Беларусі да гэтага стандарту азначае, што беларускія кампаніі і банкі, што ажыццяўляюць справаздачнасць па МСФО, павінны выкарыстоўваць стандарт 29 "Фінансавая справаздачнасць у гіперінфляцыйнай эканоміцы".

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 8 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/360/11109
Текущая дата: 18.11.2024