Белорусский портал в Казахстане

Deutsche Bank і BNP Paribas спынілі супрацоўніцтва з Беларуссю



"Deutsche Bank не вядзе бізнес з Беларуссю і не мае ніякіх планаў па яго працягу", — заявіў прадстаўнік гэтага нямецкага банка Крыстаф Блюменталь, адмовіўшыся каментаваць прычыны такога рашэння.

Супрацоўніцтва з беларускім урадам таксама спыніў французскі банк BNP Paribas, паведаміла брытанская газета The Independent (адзін з офісаў BNP Paribas размешчаны ў Лондане). Атрымаць каментарый у гэтага банка пакуль не ўдалося, але інфармацыю пацвердзіў БелаПАН прадстаўнік брытанскай праваабарончай арганізацыі Index on Censorship Майк Харыс.

"Мы рады такому рашэнню, бо мы праводзілі скіраваную на гэта кампанію", — сказаў ён. У рамках кампаніі Index on Censorship звярталася да ўрада  Вялікабрытаніі. Праваабаронца таксама нагадаў, што некалькімі месяцамі раней супрацоўніцтва з Беларуссю спыніў брытанскі Royal Bank of Scotland.

Deutsche Bank і BNP Paribas разам з брытанскім Royal Bank of Scotland і расійскім "Ашчадбанкам" выступалі арганізатарамі размяшчэння беларускіх еўрааблігацый. "Спадзяемся, што цяпер супрацоўніцтва з беларускім урадам спыніць і расійскі "Ашчадбанк". Урэшце рэшт яны гэта зробяць", — мяркуе Харыс.

Праваабаронца заявіў, што Index on Censorship будзе працягваць аказваць націск на Deutsche Bank, які па-ранейшаму мае намер інвеставаць у беларускія дзяржпрадпрыемствы — напрыклад у "Беларуськалій".

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 26 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/367/10156
Текущая дата: 18.11.2024