Белорусский портал в Казахстане

Усясьветны банк: Для насельніцтва Беларусі наступны год будзе вельмі складаны



Дырэктар аддзелу Ўкраіны, Беларусі і Малдовы Ўсясьветнага банку Марцін Райзэр сёньня станоўча ацаніў пераход беларускіх уладаў да адзінага рынкавага курсу нацыянальнай валюты і заклікаў працягваць структурныя рэформы і прыватызацыю.

Марцін Райзэр у часе свайго візыту ў Менск сустракаўся са старшынёй Нацбанку Беларусі Надзеяй Ермаковай, прадстаўнікамі ўраду. Ягоны візыт супаў зь пераходам працы Менскай валютна-фондавай біржы на адзіную рынкавую сэсію. Пераход на адзіны курс нацыянальнай валюты быў галоўнай рэкамэндацыяй Усясьветнага банку і Міжнароднага валютнага фонду да беларускіх уладаў, прызнаў спадар Райзэр:

«Уніфікацыя валютнага курсу патрэбная, бяз гэтага немагчыма забясьпечыць нармальнае функцыянаваньне эканомікі. У сьвеце вельмі мала краін зь некалькімі курсамі валюты, і такія краіны вельмі бедныя».

Мінулыя шэсьць месяцаў нестабільнасьці з валютнымі курсамі спадар Райзэр назваў вельмі цяжкімі і для беларускага бізнэсу, і для насельніцтва:
У сьвеце вельмі мала краін зь некалькімі курсамі валюты, і такія краіны вельмі бедныя.

«Я мяркую, што мы павінны разумець, што для насельніцтва Беларусі, як і мінулыя паўгода, наступны год ці нешта каля таго таксама будзе вельмі складаны».

Спадар Райзэр назваў учарашнюю падзею на беларускім валютным рынку крокам у слушным кірунку і заклікаў рабіць наступныя:

«Гэтыя макраэканамічныя захады трэба суправаджаць актывізацыяй структурных рэформаў, прыватызацыі, лібэралізацыі ўмоваў для працы прыватнага бізнэсу. У мяне была магчымасьць сустрэцца зь некаторымі прадстаўнікамі дзелавых колаў, і мы пабачылі, што тут ёсьць магчымасьць для ўдасканаленьня».

Беларускія бізнэсоўцы, між іншым, казалі місіі Ўсясьветнага банку пра моцнае супрацьстаяньне эканамічнай лібэралізацыі чыноўнікаў на месцах, нягледзячы на тое, якія пастановы ўхваляюцца ў цэнтры.

Усясьветны банк ня толькі заклікае Менск да прыватызацыі, але і дапамагае ў гэтым. Праз аўстрыйскі траставы фонд Усясьветны банк узяў пад сваю апеку прыватызацыю 8 беларускіх прадпрыемстваў сярэдніх памераў. Вынікі гэтай працы чакаюцца праз 8–10 месяцаў, і гэта стане прыкладам празрыстай і канкурэнтнай прыватызацыі, прыцягненьня стратэгічнага інвэстара з новымі тэхналёгіямі, запэўніў спадар Райзэр.

На гэты час Усясьветны банк аказвае Беларусі толькі тэхнічную дапамогу. Ніякіх сумесных праграм пад крэдыты гэтага банку няма, няма і зацьверджанай арганізацыяй стратэгіі супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Праца над такім дакумэнтам пачнецца толькі ў наступным годзе.

Марцін Райзэр заявіў, што Ўсясьветны банк цалкам падтрымлівае рэкамэндацыі да ўладаў Беларусі з боку Міжнароднага валютнага фонду, але адмовіўся ацэньваць палітычныя патрабаваньні Рады дырэктараў гэтай арганізацыі, у тым ліку наконт вызваленьня палітвязьняў.

Валер Каліноўскі
Радыё Свабода
21 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/368/9984
Текущая дата: 18.11.2024