Белорусский портал в Казахстане

Для пачатку перамоў па крэдыце МВФ чакае ад улад Беларусі "пераканаўчых крокаў"



Для пачатку перамоў аб праграме фінансавай падтрымкі з боку Міжнароднага валютнага фонду беларускімі ўладамі павінны быць зроблены пераканаўчыя крокі ў эканамічнай палітыцы, заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс 17 кастрычніка на брыфінгу ў Мінску.

Місія МВФ па ацэнцы эканамічнай палітыкі працавала ў Беларусі з 5 па 17 кастрычніка.

"Цяпер мы чакаем, каб урад і Нацбанк ажыццявілі пэўныя дзеянні. Мы зацікаўленыя ў дзеяннях па шэрагу кірункаў эканамічнай палітыкі, — адзначыў Джарвіс. — Магу сказаць, што ўрад і Нацбанк іх пачалі рабіць. Напрыклад, заява аб выхадзе на адзіны курс — гэта крок наперад".

Акрамя таго, паводле слоў Джарвіса, эксперты МВФ таксама хацелі б паглядзець, якую грашова-крэдытную палітыку ўрад і Нацбанк прапануюць на наступны год і ці будуць гэтыя рэкамендацыі падтрыманыя прэзідэнтам Беларусі.

"Мы пакуль што не падышлі да этапу, пры якім абмяркоўвалася б сума крэдыту", — падкрэсліў Джарвіс. Тыя сумы, якія раней называліся (ад 3 да 7 млрд. долараў. — БелаПАН.), — гэта была ацэнка ўрада, дадаў ён.

Кіраўнік місіі таксама адзначыў, што МВФ не ставіць ніякіх палітычных умоў. "Перш чым прапаноўваць праграму, мы павінны пераканацца, што выканаўчыя дырэктары падтрымаюць яе, а выканаўчыя дырэктары прадстаўляюць краіны — члены фонду, якіх каля 180. Аднак у ходзе перамоў мы займаемся выключна эканамічнымі пытаннямі", — падкрэсліў Джарвіс.

Паводле яго слоў, МВФ не робіць прагнозаў адносна абменнага курсу. "Нас занепакоіла дэвальвацыя апошнім часам, што было звязана з высокай інфляцыяй. Неабходна вырашаць праблему інфляцыі, якая параджае дэвальвацыйныя чаканні", — сказаў Джарвіс.

У МВФ лічаць, што ва ўрада і Нацбанка ёсць інструменты для кантролю дэвальвацыі і інфляцыі. "Гэта станоўчыя ў рэальным выражэнні працэнтныя стаўкі, абмежаванні па бюджэце і крэдытаванні ў рамках дзяржаўных праграм і абмежаванні росту зарплаты", — канкрэтызаваў кіраўнік місіі фонду.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 кастрычніка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/369/9916
Текущая дата: 18.11.2024