Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства аховы здароўя адмяніла абмежаванні на транзіт агародніны з Еўрасаюза



Міністэрства аховы здароўя Беларусі адмяніла абмежаванні на транзіт сырой агародніны з краін Еўрасаюза, які быў уведзены 7 чэрвеня пасля ўспышкі ў Германіі інфекцыі, якая выклікаецца энтэрагемарагічнай кішэчнай палачкай.

Як паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства аховы здароўя, такое рашэнне прынята паводле просьбы кіраўніка Расспажыўнагляда Рыгора Анішчанкі ў сувязі з адменай гэтым ведамствам абмежавання на ўвоз у Расію ці абарот на яе тэрыторыі агародніннай прадукцыі вытворчасці краін ЕС.

Інфармацыя пра адмену абмежаванняў накіравана для выканання ў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, галоўным дзяржаўным санітарным урачам абласцей, Мінска і органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама іншым зацікаўленым: у Міністэрства гандлю, Белкаапсаюз, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты.

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, у Беларусі эпідэмічная сітуацыя з захворваннем на вострыя кішэчныя інфекцыі застаецца спакойнай, росту не адзначана. Не зарэгістравана выпадкаў кішэчнай інфекцыі, выкліканай энтэрагемарагічнай кішэчнай палачкай.

Міністэрства аховы здароўя нагадвае грамадзянам правілы прафілактыкі харчовых інфекцый. У іх ліку рэкамендацыі: выконваць правілы гігіены; аддзяляць сырыя і прыгатаваныя прадукты; добра прасмажваць і праварваць ежу; выконваць тэмпературныя ўмовы захоўвання прадуктаў; выкарыстоўваць бяспечную ваду і бяспечныя сырыя прадукты.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 23 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/382/7460
Текущая дата: 27.05.2024