Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Мы знойдзем чым адказаць на пашырэнне эканамічных санкцый ЕС



Эканамічныя санкцыі Еўрасаюза — "гэта дробныя блышыныя ўкусы, яны ніколі не даюць карысці ні ім, ні нам", заявіў 23 чэрвеня журналістам Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць.

"Але калі яны нас будуць тузаць з пункту гледжання эканомікі, мы таксама знойдзем чым адказаць. У нас нямала кампаній працуюць тут і ўласнасць маюць, па якіх мы вельмі балюча можам ударыць", — цытуе беларускага кіраўніка дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Лукашэнка лічыць, што заявы пра тое, што кампаніі, якія трапілі ў чорны спіс ЕС, нібыта фінансуюць яго ўрад, патрабуюць дакументальнага пацвярджэння: "Яны нібыта фінансуюць урад. Дакажыце. Гэта нягоднікі і падонкі. Пакладзіце на стол дакументы, што гэтыя кампаніі фінансавалі хоць кагосьці з урада. Неадкладна мною будуць прынятыя меры. Калі гэта мяне тычыцца, я ўжо даўно казаў: знайдзіце гэтыя грошы і забярыце. Калі пакладзяце дакументы, што яны фінансуюць прэзідэнта ці яшчэ кагосьці каля прэзідэнта, тут жа будзе прынята рашэнне".

"Я не хачу гэтай эскалацыі, таму на гэта не адказваю, бо гэтыя санкцыі сітуацыю ў краіне не пагоршаць. Яны проста паказваюць, які сёння свет і якая дэмакратыя на Захадзе", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Рашэнне аб пашырэнні санкцый было прынята 20 чэрвеня на сесіі Савета Еўрасаюза ў Люксембургу. У афіцыйным заключэнні савета выказваецца "глыбокая занепакоенасць у сувязі з пагаршэннем сітуацыі з выкананнем правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону ў Беларусі". ЕС заклікаў Беларусь паважаць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы.

У спісе кампаній, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЕС, — ЗАТ "Белтэхэкспарт", ЗАТ "Спорт-пары" і ПУП "БТ Тэлекамунікацыі". Усе тры арганізацыі "падкантрольныя Уладзіміру Пефціеву", адзначаецца ў каментарыі да чорнага спісу беларускіх грамадзян і кампаній, апублікаваным у Афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза на наступны дзень пасля прыняцця рашэння.

Уладзімір Пефціеў, бізнесмен, таксама фігуруе ў чорным спісе ЕС як "асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям`ёй". "Галоўны эканамічны саветнік прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі. Старшыня савета акцыянераў "Белтэхэкспарта", найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў", — адзначаюць у ЕС.

БелаПАН
Мінск, 23 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/390/7455
Текущая дата: 17.11.2024