Белорусский портал в Казахстане

Еўрапарламент прапаноўвае пашырыць санкцыі да ўлад Беларусі



Еўрапарламент заклікаў Еўракамісію, Савет ЕС і краіны — партнёры Еўрасаюза "пашырыць абмежавальныя меры да беларускага рэжыму, у тым ліку ўвесці кропкавыя эканамічныя санкцыі да прадпрыемстваў, што належаць дзяржаве". Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі, якая прынята 12 мая на сесіі ў Страсбургу.

Тэкст дакумента апублікаваны на афіцыйным сайце Еўрапарламента.

У рэзалюцыі рашуча асуджаюцца ўсе абвінавачанні, прад`яўленыя па справе аб масавых беспарадках, якую Еўрапарламент назваў палітычна матываванай. У дакуменце таксама адзначаецца, што ўсе абвінавачанні супраць кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса і Андрэя Саннікава з`яўляюцца "незаконнымі і недапушчальнымі".

ЕП таксама асудзіў праяўленую беларускімі ўладамі непавагу да правоў грамадзян на свабоду сходаў і свабоду слова і заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых па справе аб масавых беспарадках.

Еўрапарламент выказаў неспакой у сувязі з пагаршэннем сітуацыі з праваабаронцамі ў Беларусі. У прыватнасці, у рэзалюцыі рашуча асуджаюцца прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і шэраг журналістаў дзяржаўных СМІ, якія назвалі старшыню незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі "Вясна" Алеся Бяляцкага "пятай калонай у краіне". Рэзалюцыя асуджае "атмасферу страху і запужвання палітычных апанентаў" у Беларусі.

У дакуменце Еўрапарламент таксама асуджае працяг уціску і праследавання з боку ўлад незалежных журналістаў і СМІ. Еўрапарламент заклікаў спыніць ініцыяваную Міністэрствам інфармацыі працэдуру закрыцця газет "Народная воля" і "Наша ніва", зняць абмежаванні па доступу да сайтаў "Хартыя-97" і "Беларускі партызан", а таксама вызваліць журналіста Андрэя Пачобута.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 12 мая 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/391/6405
Текущая дата: 18.05.2024