Белорусский портал в Казахстане

Беларусь разлічвае на паспяховую рэалізацыю праекта па стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка



Беларусь разлічвае на паспяховую рэалізацыю праекта па стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка. Пра гэта заявіў 14 чэрвеня прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй "Эксімбанка" Кітая Лі Жогу і віцэ-прэзідэнтам "Індустрыяльна-камерцыйнага банка" Кітая Чжан Хунлі, паведамляе прэс-служба Савета міністраў.

"Мы поўныя рашучасці рэалізаваць буйны праект па стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка. Беларусь створыць неабходныя камфортныя ўмовы кітайскім кампаніям для працы над праектам", — сказаў Мясніковіч.

"Аказваючы крэдытную падтрымку, вы павінны быць упэўненыя, што Беларусь — краіна, якая строга выконвае свае абавязацельствы. Вашы крэдытныя рэсурсы, прамыя інвестыцыі Беларусі дазволяць кітайскім кампаніям паспяхова дыверсіфікаваць свой капітал, прыбытак і паспяхова працаваць у цэнтры Еўропы", — падкрэсліў ён.

Мясніковіч адзначыў, што Беларусь задаволена тымі адносінамі, якія ў яе склаліся з Кітаем. "Нягледзячы на тое, што мы адрозніваемся па маштабах, у тым ліку па задачах, што вырашаем, супрацоўніцтва Беларусі і Кітая будуецца на прынцыпах узаемавыгоднасці", — сказаў прэм`ер-міністр.

Паводле яго слоў, сумесныя праекты, што рэалізуюцца ў сферы матэрыяльнай вытворчасці і інфраструктуры, з`яўляюцца сапраўды знакавымі для абедзвюх краін. "Я лічу, што ваш цяперашні візіт яшчэ больш умацуе давер паміж бізнесменамі нашых краін і будзе спрыяць паспяховаму фінансаванню праектаў, якія прапрацоўваюцца", — сказаў Мясніковіч.

Мясніковіч выказаў задавальненне тым, што беларуска-кітайскія адносіны ад гандлёвага супрацоўніцтва пераходзяць да інвестыцыйнага і навукова-тэхнічнага. "Добра, што ад таварна-гандлёвага супрацоўніцтва мы пераходзім да інвестыцыйнага, абмяркоўваем праекты навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Калі гандлёвае супрацоўніцтва гэта базіс адносін, інвестыцыйнае — другі ўзровень, тое навукова-тэхнічнае — трэці ўзровень, больш высокі", — сказаў ён.

У сваю чаргу старшыня "Эксімбанка" Кітая Лі Жогу адзначыў, што Беларусь і Кітай з`яўляюцца доўгатэрміновымі партнёрамі як у эканамічнай, так і ў палітычнай сферах. Гандлёва-эканамічныя адносіны краін развіваюцца вельмі хутка на ўзаемавыгаднай аснове, падкрэсліў ён. Лі Жогу выказаў надзею на паспяховую рэалізацыю сумесных праектаў, а таксама ўпэўненасць, што Беларусь годна пераадолее цяжкасці ў эканоміцы. Кітайскі бок гатовы аказваць эканоміцы Беларусі падтрымку.

"Мы ведаем, што ў вас часовыя цяжкасці, але яны толькі часовыя. Усё будзе ў будучым добра. Як сябры Беларусі мы хочам дапамагаць развіццю эканомікі Беларусі", — сказаў Лі Жогу.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 15 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/393/7197
Текущая дата: 17.11.2024