Белорусский портал в Казахстане

Уладзімір Сямашка: Пастаўка Беларусі газу па ўнутрырасійскіх цэнах павінна быць абавязковай умовай продажу акцый "Белтрансгазу"



Пастаўка Беларусі газу па ўнутрырасійскіх цэнах павінна быць абавязковай умовай продажу акцый "Белтрансгазу", заявіў журналістам 7 чэрвеня першы віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Паводле яго слоў, дагавор аб магчымым продажы "Газпрому" другой паловы акцый "Белтрансгазу" знаходзіцца практычна ў 100-працэнтнай гатоўнасці, але беларускі бок увязвае гэтае пытанне з падпісаннем новага кантракта на пастаўку газу.

"Зараз дзейны кантракт заканчваецца 31 снежня гэтага года, — цытуе Сямашка дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Цяпер мы абмяркоўваем праект кантракта на 2012—2014 гады, і ў гэтым кантракце закладзены прынцыпова новыя падыходы. Гэтыя падыходы заснаваны на тым пакеце пагадненняў, які мы падпісалі 9 снежня 2010 года, ствараючы Адзіную эканамічную прастору".

Першы віцэ-прэм`ер нагадаў аб падпісанні 17 дакументаў, у тым ліку па стварэнні адзінага газавага рынку. Гэта адзін з базавых дакументаў, дзе агаворана, што Беларусь і Расія павінны сінхронна выйсці на роўнадаходныя цэны да 2015 года.

"Гэта прадугледжвае зусім іншую сістэму цэнаўтварэння, а для нас — іншыя цэны, падыходы. Мы зараз вядзем перамовы, і калі два гэтыя пытанні сыходзяцца, то мы гатовы хоць сёння падпісаць два дакументы — кантракт на пастаўку газу і кантракт на продаж пакета акцый "Белтрансгазу", — заявіў Сямашка.

Напярэдадні, 6 чэрвеня, кіраўнік "Газпрома" Аляксей Мілер заявіў: "Газпром" не лічыць неабходным увязваць падпісанне новага кантракта на пастаўку газу ў Беларусь з перамовамі аб набыцці 50% акцый ААТ "Белтрансгаз".

Пры гэтым ён зазначыў, што здзелка па павелічэнні "Газпромом" долі ў "Белтрансгазе" да 100% знаходзіцца "ў вельмі-вельмі высокай ступені гатоўнасці".

"Пытанне куплі акцый "Белтрансгазу" і новы кантракт на пастаўку газу ў Беларусь — гэта два розныя дакументы, і не трэба ў адзін дакумент спрабаваць упісаць абсалютна розныя па сутнасці дамоўленасці", — падкрэсліў Мілер.

Раней такія ж пазіцыі абнародавалі прадстаўнікі кіраўніцтва Расіі і Беларусі.

У прыватнасці, у 2010 годзе Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб магчымасці продажу 50% акцый "Белтрансгазу", але — у абмен на пастаўку ў Беларусь газу па ўнутрырасійскіх цэнах.

У сакавіку гэтага года на пасяджэнні саюзнага Саўміна прэм`ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін заявіў: расійскі бок зацікаўлены ў набыцці 50% акцый "Белтрансгазу" за 2,5 млрд. долараў, але просіць беларускіх партнёраў не навязваць Расіі якіх-небудзь дадатковых умоў.

Зараз 50% акцый ААТ "Белтрансгаз" належаць "Газпрому", астатнія 50% — беларускай дзяржаве.

БелаПАН
Мінск, 7 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/395/6974
Текущая дата: 17.11.2024