Белорусский портал в Казахстане

Агенцтва Moody`s знізіла рэйтынгі шасці беларускіх банкаў



Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody`s Investors Service панізіла з "В2" да "В3" доўгатэрміновыя рэйтынгі дэпазітаў у замежнай валюце "Беларусбанка", "Белаграпрамбанка", "Белінвестбанка", "Белпрамбудбанка", "Банка Масква-Мінск" і "Мінскага транзітнага банка".

Прагноз рэйтынгаў дэпазітаў у замежнай валюце ўсіх шасці банкаў — "негатыўны".

Акрамя таго, гаворыцца ў паведамленні агенцтва Moody`s, рэйтынгі дэпазітаў у нацыянальнай валюце трох дзяржаўных банкаў — "Беларусбанка", "Белаграпрамбанка" і "Белінвестбанка" — былі паніжаны з "В1" да "В2".

Рэйтынг дэпазітаў у нацыянальнай валюце прыватнага "Банка Масква-Мінск" паніжаны з "Ва3" да "В1".

Рэйтынг дэпазітаў у нацыянальнай валюце "Белпрамбудбанка" і "Мінскага транзітнага банка" пацверджаны на ўзроўнях "Ba3" і "В1" адпаведна.

Рэйтынг дэпазітаў у нацыянальнай валюце "Белаграпрамбанка" — "стабільны", астатніх пяці банкаў — "негатыўны".

Гэтыя рэйтынгавыя дзеянні былі ажыццёўлены следам за зніжэннем 30 сакавіка суверэннага рэйтынгу Беларусі на адну ступень — з "B1" да "B2", а таксама з "негатыўным" прагнозам у сувязі з ростам праблем з атрыманнем краінай знешняга фінансавання, гаворыцца ў паведамленні Moody`s.

Мінск, 4 красавіка 2011
БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/396/5713
Текущая дата: 26.06.2024