Белорусский портал в Казахстане

Кудрын: Гатоўнасць Беларусі атрымаць крэдыт азначае прыняцце раней сфармуляваных умоў



Перамовы па даванні Беларусі крэдыту ў суме 3 млрд. долараў з фонду ЕўрАзЭС (па 1 млрд.(у 2011—2013 гадах) будуць завершаныя найбліжэйшымі днямі, паведаміў віцэ-прэм`ер — міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын па выніках пасяджэння прэзідыума ўрада.

"Адпаведныя ўмовы сфармуляваныя ў межах антыкрызіснага фонду, цяпер яны разглядаюцца Рэспублікай Беларусь. Сёння мы пачулі, што пасля тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі з Дзмітрыем Мядзведзевым было сказана пра тое, што, у прынцыпе, дасягнутыя дамоўленасці і Беларусь гатовая атрымаць крэдыт. Гэта азначае, што раней сфармуляваныя ўмовы прынятыя, і гэта можа азначаць магчымасць завяршэння перамоў найбліжэйшымі днямі", — сказаў Кудрын, словы якога прыводзіць РІА Новости.

Паводле яго слоў, Мінск мае намер выставіць сёлета на продаж шэраг прадпрыемстваў, якія ацэненыя ў 3 млрд. долараў.

"Будзе прыватызаваны шэраг актываў для падтрымання плацежнага балансу. Беларускі бок сам будзе вызначаць, якія гэта актывы і ў якія тэрміны. Зыходзячы з патрэбнасцяў гэтага года гэта прыкладна каля 3 млрд. долараў. Гэта сума, якая павінна быць атрыманая ад прыватызацыі сёлета", — сказаў Кудрын.

Міністр адзначыў, што ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў могуць удзельнічаць любыя зацікаўленыя краіны і інвестары. "Гэтыя прадпрыемствы павінны прыватызавацца на агульных умовах", — заявіў ён.

Кудрын падкрэсліў, што ва ўмовах крэдыту прапісана сума, якую Беларусь павінна прыцягнуць у выглядзе даходаў ад прыватызацыі і прамых замежных інвестыцый: "У саміх умовах давання прадугледжваецца, колькі трэба мабілізаваць рэсурсаў за кошт продажу актываў і прамых замежных інвестыцый. Гэта з`яўляецца, безумоўна, важнай крыніцай пагашэння дэфіцыту плацежнага балансу".

Канчатковыя дэталі давання крэдыту Беларусі павінны быць удакладненыя падчас візіту прэм`ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна ў Мінск 19 мая, паведаміў Кудрын. У гэты дзень пройдзе пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў СНД. "Гэта праграма распрацоўваецца з удзелам Расіі і спецыяльнай групы антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, якая працуе ў Еўразійскім банку рэканструкцыі і развіцця", — адзначыў міністр. Паводле яго слоў, крэдыт мае стандартныя ўмовы, скіраваныя на пакрыццё плацежнага балансу.

Кудрын нагадаў, што Расія раней выдала Мінску крэдыты на агульную суму 3 млрд. долараў, і ніякіх праблем з іх абслугоўваннем не ўзнікае. "Яны абслугоўваюцца, ніякіх пратэрміновак няма. Усё ідзе паводле плану", — сказаў міністр.

Ён выказаў упэўненасць, што партнёры Расіі па ЕўрАзЭС не будуць супраць выдзялення грошай Беларусі. "Мы трымаем кантакт з іншымі краінамі, у тым ліку Казахстанам, інфармуем іх пра кожны чарговы раўнд. У мяне няма сумненняў, што пры завяршэнні перамоў і згодзе Беларусі з умовамі давання рашэнне будзе прынята", — сказаў Кудрын.

"Мы павінны будзем правесці стандартную працэдуру антыкрызіснага фонду з удзелам савета міністраў антыкрызіснага фонду Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Арменіі. Рашэнне можа быць прынята ў складзе савета дырэктараў з удзелам усіх членаў антыкрызіснага фонду", — растлумачыў міністр
"Мы бачым разуменне беларускага боку тых задач і мэт стабілізацыі плацежнага балансу. Сярод ключавых паказчыкаў, якія маніторацца і будуць індыкатарамі, — гэта зніжэнне дэфіцыту бягучага рахунку плацежнага балансу", — заявіў кіраўнік Мінфіна..

17 мая на сустрэчы з прэм`ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць Расіі аказаць Беларусі неабходную крэдытную падтрымку для стабілізацыі валютнага рынку. "Я толькі што размаўляў з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Анатольевічам Мядзведзевым. Ён патэлефанаваў мне. У нас ідуць перамовы з Расійскай Федэрацыяй аб выдзяленні стабілізацыйнага крэдыту на падтрыманне курсу беларускага рубля. Па ўсіх перамовах яны гатовыя да таго, каб тэрмінова, калі гэта трэба, і нетэрмінова, калі гэта нам не трэба, адрэагаваць на гэта. І гэта прыкладна 3,1 млрд. долараў, калі мы, вядома, будзем падпісваць з імі адпаведнае пагадненне", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, ужо ўсё практычна зроблена, і Беларусь "можа атрымаць гэты крэдыт".

Акрамя таго, Лукашэнка адзначыў: "Прыкладна 3 млрд. долараў — гэта будучыя продажы нашых тавараў. Нас гатовыя пракрэдытаваць. Разам атрымліваецца шэсць з лішнім мільярдаў долараў — гэтага дастаткова сёлета не толькі для стабілізацыі, але і для таго, каб мець значныя золатавалютныя рэзервы".

Мясніковіч растлумачыў: "Мы фактычна завяршылі перамоўны працэс з Расійскай Федэрацыяй. У прынцыпе ўсе пытанні ўрэгуляваныя. І цяпер міністрам фінансаў Беларусі Андрэем Харкаўцом і міністрам фінансаў Расіі Аляксеем Кудрыным абмяркоўваюцца канчатковыя матрыцы".

Паводле слоў Мясніковіча, падчас перамоў 15 мая ў Мінску з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства фінансаў і Цэнтральнага банка Расіі абмеркаваныя падыходы да крэдытавання.

"Сёння Аляксей Кудрын праінфармаваў сваё кіраўніцтва, я праінфармаваў прэзідэнта Беларусі. Такім чынам, мы дамовіліся фактычна на 3—3,5 млрд. долараў крэдытнай падтрымкі з боку Расіі на выгадных умовах. Акрамя гэтага, ёсць яшчэ прапановы, — і яны фактычна ўхваленыя прэзідэнтам, — па атрыманні адпаведных валютных крэдытаў пад будучыя таварныя пастаўкі. У выніку кошт пытання — 6-6,5 млрд. долараў. Мы мяркуем, што гэтыя сродкі будуць спрыяць таму, каб насамрэч стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку", — падкрэсліў прэм`ер-міністр.

Паводле яго слоў, усе гэтыя пытанні "рэальна вырашыць на працягу найбліжэйшых месяцаў".

Раней Мінск звярнуўся да ўрада Расіі па крэдыт у 1 млрд. долараў і да Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС па крэдыт у 2 млрд. долараў.

Аднак 11 мая міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын заявіў, што Расія не разглядае магчымасць выдзялення крэдыту Беларусі са свайго бюджэту, гаворка ідзе толькі пра крэдытаванне ў межах ЕўрАзЭС. Ён таксама паведаміў, што ўмовы давання крэдыту Беларусі могуць быць вызначаныя да візіту прэм`ер-міністра РФ Уладзіміра Пуціна ў Мінск 19 мая.

"Мы разглядаем магчымасць выдзялення крэдыту на суму аднаго мільярда долараў (сёлета), але паколькі праграма разлічана на тры гады, то таксама разглядаем такія крэдыты ў 2012—2013 гадах", — сказаў Кудрын. Гэтыя крэдыты таксама складуць па адным мільярдзе долараў, дадаў ён.

Расійскі міністр адзначыў, што лічыць мэтазгодным зварот Беларусі да МВФ ці асобных краін для давання крэдытаў, паколькі грошай, якія могуць быць выдзеленыя ЕўрАзЭС, недастаткова.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 17 мая 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/398/6561
Текущая дата: 17.11.2024