На Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) заключаны першыя здзелкі па заяўках, сфармаваных у аўтаматычным рэжыме з прымяненнем інфармацыі з Банка даных электронных пашпартоў тавараў (ePASS), паведамілі ў прэс-службе біржы.
Магчымасць ствараць заяўкі на куплю і продаж на аснове кодаў GTIN (глабальны ідэнтыфікацыйны нумар адзінкі тавару) з`явілася на таргах прамысловымі і спажывецкімі таварамі БУТБ у канцы жніўня, стаўшы практычным вынікам супрацоўніцтва біржы з ДП "Цэнтр Сістэм Ідэнтыфікацыі".
Як растлумачылі ў прэс-службе БУТБ, дзякуючы ўкараненню сістэмы ePASS істотна скараціўся час на падрыхтоўку да біржавых таргоў, паколькі пры фармаванні заяўкі ўдзельнікам таргоў не трэба ўручную запаўняць палі з апісаннем і ключавымі характарыстыкамі тавараў. Цяпер дастаткова ўвесці адпаведны код GTIN - і ўсе неабходныя звесткі аўтаматычна загрузяцца з банка даных ePASS. Пасля гэтага патрэбна толькі пазначыць цану тавару, яго колькасць, умовы аплаты і пастаўкі, а таксама тэрмін дзеяння заяўкі.
Біржавыя таргі прадукцыяй прамысловага і спажывецкага прызначэння з`яўляюцца адным з ключавых напрамкаў дзейнасці БУТБ. За восем месяцаў гэтага года сума здзелак па гэтай групе тавараў дасягнула Br734 млн, на 42 працэнты перавысіўшы паказчык студзеня - жніўня 2023 года. У структуры продажаў пераважае аўтатранспарт, спецтэхніка, прамысловае абсталяванне, камп`ютарная тэхніка, а таксама запчасткі, камплектуючыя і расходныя матэрыялы.
9 верасня 2024, Мінск
БЕЛТА
9 верасня 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/4/75168
Текущая дата: 24.11.2024