Белорусский портал в Казахстане

Хто валодае беларускімі банкамі



Асноўныя замежныя гульцы ў банкаўскім сектары Беларусі — гэта Расія, Швейцарыя і Кіпр.

Прыватызацыя буйных дзяржаўных банкаў, такіх як «Беларусбанк», «Белінвестбанк» і «Белаграпрамбанк», — патэнцыяльнае ратаванне для ўлады, зберажонае на чорны дзень. Каб атрымаць пару мільярдаў даляраў, дастаткова прадаць амаль палову акцый, але пакінуць сабе кантрольны пакет.

Тое, што дзяржава ўпэўнена кантралюе сітуацыю ў банкаўскім сектары, пацвярджае няўмольная статыстыка. Замежны капітал прысутнічае ў статутных фондах ажно 26-ці з 31-го зарэгістраванага ў краіне банка. Але пры гэтым толькі 27% банкаўскіх грошай належаць замежнікам. Астатнія 73% — доля дзяржавы ці набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў.

Беларускія банкі

Як ужо было адзначана вышэй, «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк» захоўваюць дзяржаўную «прапіску». Цікава, што ўсе яны — прадстаўнікі ТОП-3 банкаў па памерах актываў. Іх сумеснае багацце перавышае $20 мільярдаў. Усе астатнія банкі, склаўшыся, маглі б наскрэбці толькі $8 мільярдаў.

Першым у чарзе на продаж стаіць «Белінвестбанк». Яго хочуць прадаць еўрапейцам за $530 мільёнаў. Здзелку меркавалі ажыццявіць да канца першага паўгоддзя, але воз стаіць на ранейшым месцы да гэтага часу… Да банка праяўляў цікавасць адзін з буйных нямецкіх банкаў, але, паводле яго стратэгіі, ён быў гатовы набываць адразу не пакет акцый у ім, а банк цалкам. Спачатку Беларусь на тое не ішла. Цяпер справа можа зрушыцца: дзяржава гатова расстацца з кантрольным пакетам акцый.

Астатнія два банкаўскія гіганты калі і будуць распрадавацца, то толькі па частках. Дзяржава гатовая аддаць максімум 25% акцый кожнага.

Не мае замежнага капіталу і «Парытэтбанк». Дарэчы, стварэнне Нацбанка вызначаецца самымі нявыгаднымі курсамі абмена валют.

Фармальна асноўным акцыянерам «РРБ-Банка» з’яўляецца Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця з 25% акцый. Але сапраўдны кіраўнік — гэта бізнэсовец з тыпова беларускім прозвішчам В.Цыбулін. Непасрэдна ён валодае 18% акцый банка, яшчэ 24% належаць падкантрольнай яму фірме «Дыкрыс».

Свой уласны банк мае «Гандлёвы цэнтр «Ждановічы». Назіральную раду рынка, а значыццца і «Еўрабанк», цяпер узначальвае Віталь Курыла. Цікава, што памочнікам члена савета дырэктароў з’яўляецца Сяргей Яўгенавіч Шыгалаў — сын скандальна вядомага былога кіраўніка «Ждановіч». Нагадаем, што Яўген Шыгалаў быў выпушчаны на свабоду пасля таго, як выплаціў шматмільённую суму і паабяцаў удзельнічаць у пабудове лядовага палаца ў мінскай Чыжоўцы.

«Трастбанк» узначальвае Віктар Шаўцоў — уладальнік бізнэс-цэнтраў і музея «Дудуткі». Ягоны банк у свой час быў абвінавачаны амерыканскімі ўладамі ў дапамозе па адмыванні грошай Садама Хусейна, а цяпер банкір пераключыўся на супрацоўніцтва з Іранам і Венесуэлай.

«Тэхнабанкам», які нядаўна аб’яднаўся з Беларускім індустрыяльным банкам, валодае сям’я Кацарэнкаў. Уладзіслаў і Алена сканцэнтравалі ў сваіх руках найбольшую долю акцый. Дарэчы, муж — адзін з намеснікаў Сяргея Гайдукевіча ў Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Расійска-беларускім можна назваць «МТБанк». Яго асноўным акцыянерам (64%) з’яўляецца аўтамабільны холдынг «Атлант-М», афіцыйны дылер кампаній «Форд» і «Фальксваген» у Беларусі. Сярод кіраўніцтва кампаніі — і беларус Алег Хусаенаў, і расіянін Ігар Мальгін. Яшчэ траціна акцый належыць кіпрскай кампаніі Monister Investments Ltd, якая ўваходзіць у склад амерыканскага інвестыцыйнага фонду.

Расійскія банкі

На рынак нашай краіны паспелі выйсці, здаецца, усе банкаўскія гіганты Расіі. Падрабязна пра расійскія банкі «Наша Ніва» пісала ў №26 за 14 ліпеня. Цяпер — у сціслым выглядзе.

«Масква-Мінск» кантралюецца ўрадам Масквы і мільянерам Андрэем Барадзіным.

98% акцый «Белгазпрамбанка» належыць расійскаму «Газпромбанку».

Тыя ж 98% акцый мае расійскі «Внешэкономбанк» у беларускім «Белзнешэканамбанку».

«Альфа-банк» знаходзіцца ва ўласнасці алігарха Міхаіла Фрыдмана, які выкупіў яго ў Нацбанка і непальскіх бізнэсоўцаў.

Продаж «Белпрамбудбанка» — гордасць беларускай улады. Пакупнік, расійскі «Сбербанк», выкупіў 93% акцый за $280 мільёнаў.

«Белрасбанк» — на ўсе 100% належыць «Росбанку». Кантрольны пакет акцый расійскага банка мае французская інвестыцыйная група, а рэшту — алігарх Уладзімір Патанін.

«Банк ВТБ» належыць расійцам на 71%.

Еўрапейскія банкі

З буйных беларускіх банкаў належыць еўрапейцам пакуль што толькі «Прыёрбанк». Ён быў куплены аўстрыйскай фінансавай групай «Райфазэн» параўнальна даўно, яшчэ ў 2003 годзе.

Польская прысутнасць у банкаўскім сектары нашай краіны абмяжоўваецца дзейнасцю малога «Сомбелбанка». Мільярдэр Лешак Чарнецкі і падначалены яму Geting Holding валодае 75% акцый банка.

«Дэльтабанк» мае ўкраінскае паходжанне. Яго ўласнік Мікалай Лагун мае аднайменны банк і на тэрыторыі нашага паўднёвага суседа.

Калі расійскія ўстановы вызначаюцца і колькасцю, і памерам актываў, то швейцарскія — толькі колькасцю. У нашай краіне тры банкі, але ўсе параўнальна невялікія. Гэта «Цэптэр-Банк», на чале якога стаіць уладальнік бізнэс-імперыі Філіп Цэптэр, «БелСвісБанк», якім кіруюць тры акцыянеры — усе швейцарцы, — і «Крэдэксбанк». Дарэчы, апошні з іх да 1 кастрычніка гэтага года павялічыцца, бо ў яго склад увойдзе самы маленькі беларускі банк — Міжнародны рэзервовы банк, які раней належыў кіпрскім бізнэсоўцам.

Пасля хуткага знікнення гэтага банка кіпрскае прадстаўніцтва на тэрыторыі Беларусі застанецца невялікім. Адзіным іграком застанецца сумнавядомы «Абсалютбанк», пра існаванне якога беларусы даведаліся пасля шэрагу гучных рабаванняў абменнікаў банка. Кіпрскія інвестыцыйныя кампаніі валодаюць 88% акцый.

«Беларускі народны банк» яшчэ нядаўна меў на эмблеме вершніка з «Пагоняй» і беларускамоўны назоў. Цяпер эмблема змянілася — ці то на выяву сабакі, ці то на льва. Уладальнік застаўся ранейшым — Банк Грузіі.

Найбольш шматнацыянальны капітал прадстаўлены ў Беларускім банку малога бізнэсу. Сярод акцыянераў — нямецкія, галандскія, шведскія і амерыканскія кампаніі. Інтэрнацыянальны і «ХоумКрэдытБанк» — ён карыстаецца грашыма міжнароднай групы кампаній PPF.

Азіяцкія банкі

Іранскія грошы круцяцца ў «Анэрбанку» і «ТК Банку». Невялікую частку акцый — 2,39% апошняга — мае аўтамабільная кампанія «Лада ОМС — Холдынг». Банк з прыгожай назвай «Залаты талер» увосень 2008 года быў на 99,9% выкуплены ліванскай кампаніяй Fransaholding. Услед за пакупкай адбылося і перайменаванне ў «Франсабанк».

Нарэшце, «БТА Банк» — даччынае падраздзяленне аднайменнага казахстанскага банка.

Яўген Васількоў
7 жнiўня 2010
Наша Ніва


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/418/1599
Текущая дата: 24.11.2024