На Беларускай універсальнай таварнай біржы амаль у тры разы выраслі аб`ёмы закупак металу па схеме "пастаўка супраць плацяжу", паведаміў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
Паводле даных БУТБ, у першым паўгоддзі 2022 года па схеме "пастаўка супраць плацяжу", якая забяспечвае 100 працэнтаў выканання абавязацельстваў бакамі здзелкі, рэалізавана 8,5 тыс. т чорнага металапракату на агульную суму Br29,4 млн. Такім чынам, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года продажы металу па гэтай схеме выраслі ў 2,9 раза ў натуральным выражэнні і ў 2,7 раза ў вартасным.
У прэс-службе растлумачылі, што "пастаўка супраць плацяжу" стала асабліва запатрабаванай, пачынаючы з другога квартала 2022 года на фоне нявызначанасці, якая ўзнікла на рынку Расійскай Федэрацыі, адкуль Беларусь імпартуе значную долю прадукцыі чорнай металургіі. У гэтых умовах прымяненне біржавога механізма дало магчымасць айчынным прадпрыемствам закупляць па перадаплаце неабходныя ім аб`ёмы металу, адначасова зводзячы да мінімуму рызыку непастаўкі або несвоечасовай пастаўкі тавару.
"Важная асаблівасць "пастаўкі супраць плацяжу" ў тым, што пры такой схеме разлікаў па здзелцы ўлічваюцца інтарэсы і прадаўца, і пакупніка. Першы застрахаваны ад неаплаты або несвоечасовай аплаты за адгружаны тавар, а другі - ад непастаўкі тавару, зрыву тэрмінаў пастаўкі або пастаўкі прадукцыі неналежнай якасці. Па сутнасці, гэта класічны банкаўскі акрэдытыў, але з выкарыстаннем рахункаў біржы. Прычым, як правіла, аплата праводзіцца ўжо на працягу 3-5 рабочых дзён пасля рэгістрацыі здзелкі - пры ўмове, што гатоўнасць тавару да адгрузкі пацверджана. Гэта значыць, грашовыя сродкі ўдзельнікаў таргоў не замарожваюцца на доўгі тэрмін на біржавых рахунках, што таксама павышае прывабнасць гэтай схемы", - паведамілі ў прэс-службе БУТБ.
На працягу першага паўгоддзя ў біржавых таргах металапрадукцыяй на ўмовах "пастаўкі супраць плацяжу" прынялі ўдзел 125 пастаўшчыкоў і спажыўцоў металу, у тым ліку нерэзідэнты Беларусі. Многія з іх выкарыстоўваюць гэту схему разлікаў на рэгулярнай аснове.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з найбуйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.
19 ліпеня 2022, Мінск
БЕЛТА
19 ліпеня 2022, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/46/65838
Текущая дата: 25.11.2024