Белорусский портал в Казахстане

МТЗ пераводзіць вытворчасць у лічбавы фармат



Мінскі трактарны завод пачаў маштабны праект: ён укараняе лічбавую сістэму праектавання і падрыхтоўкі вытворчасці, паведамілі ў прэс-службе МТЗ.

"Галоўная задача - павысіць эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць завода, каб ён мог больш зарабляць, атрымліваць максімальны прыбытак. З пераходам на "лічбу" плануем не менш як у тры разы скараціць колькасць памылак пры распрацоўцы дэталей і вузлоў, што зменшыць верагоднасць браку. Палепшыцца якасць канструктарскай, тэхналагічнай і эксплуатацыйнай дакументацыі", - расказаў кіраўнік праекта Міхаіл Ледвік.

Паводле яго слоў, павысіцца прафесійны ўзровень інжынераў. "У іх стане менш руціннай работы і будзе больш часу на творчасць, на рацыяналізатарскія ідэі, інавацыі. Усё гэта дасць магчымасць значна паскорыць распрацоўку і падрыхтоўку вытворчасці новых узораў тэхнікі, вывад іх на рынак", - растлумачыў Міхаіл Ледвік.

Мінскі трактарны завод - адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў свеце. МТЗ вядзе актыўную дзейнасць на рынках больш як 60 дзяржаў і мае зборачныя вытворчасці ў розных кутках планеты.

19 лістапада 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/66/61666
Текущая дата: 25.11.2024