Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 кастрычніка, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы.
«Вось так паварочваюцца часы. На шчасце, на нашу карысць. Але мы на гэтым не хочам атрымліваць нейкія дывідэнды. Я не той чалавек. Як я часта кажу, я ў вёсцы вырас, і там усе былі адзін за аднаго, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вядома, мы маглі б заўтра закрыцца і Літве не пастаўляць гэту электраэнергію — няхай купляюць у Еўрапейскім саюзе ў 10 разоў даражэй. Але людзей шкада. Гэта ж нашы суседзі. Учора жылі ў адной краіне. А вазьміце Украіну. Там заўсёды былі нашы людзі, і цяпер. Яны ж у такім цяжкім, бядотным становішчы».
«Шкада людзей. Таму, калі мне прэм’ер зусім нядаўна далажыў, што яны просяць электрычнасць, я кажу: ну што рабіць, людзям трэба дапамагаць. Вось і ўсё. А так яны, вядома (кіраўніцтва)... Вы ж разумееце, што там за кіраўніцтва, — яно кіруецца звонку. Яны сёння пад каўпаком сядзяць у амерыканцаў. Калі надрукуюць нейкіх долараў, дадуць ім, яны жывуць. Не дадуць — бяда. Ну што, мы яшчэ будзем ускладняць гэта становішча? Слухайце, ну Гасподзь не даруе», — адзначыў беларускі лідар.
«Таму канкрэтна кажу: будзем дапамагаць. Было б подла мець свабодныя магутнасці, мець магчымасць вырабляць энергію і цалкам не спажываць, сядзець на ёй, мець у запасе і не дапамагчы суседу. Гэта не па-славянску і не па-хрысціянску, — заявіў Прэзідэнт. — Многія пішуць і гавораць: пакараць трэба. Слухайце, ну каго мы пакараем? Пакараем простага чалавека».
Гаворачы аб атамнай станцыі ў Беларусі, кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што рашэнне аб яе будаўніцтве было правільным. Больш таго, некаторыя апазіцыянеры гаварылі, што яе трэба ліквідаваць у абмен на нейкія еўрапейскія датацыі. «Ну закрылі б. І мы сёння не героямі былі б. Чаму ў нас просяць электраэнергію — таму што яе ў нас з лішкам», — заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што каля 10 еўрапейскіх краін заяўляюць аб жаданні пабудаваць АЭС. «Польшча — дзве. Літва хацела б хаця б на тры прыбалтыйскія рэспублікі. Паўстае пытанне: чаму ад нас патрабавалі станцыю не будаваць? Гэта канкурэнцыя. Яны хацелі, каб мы былі слабымі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Больш таго, у Беларусі дзякуючы будаўніцтву АЭС з’явіўся адпаведны досвед, пачалі рыхтаваць атамшчыкаў.
Звязда, 26 кастрычніка 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/68/61130
Текущая дата: 26.11.2024