Белорусский портал в Казахстане

Падпісаны акт прыёмкі ў прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС



Прыёмачная камісія пад старшынствам намесніка прэм`ер-міністра Юрыя Назарава падпісала акт прыёмкі ў эксплуатацыю пускавога комплексу першага энергаблока Беларускай АЭС.

Рашэнне камісіі грунтуецца на станоўчых заключэннях наглядных органаў і рабочай камісіі БелАЭС, а таксама на падставе выдадзенай МНС ліцэнзіі на прамысловую эксплуатацыю першага энергаблока.

Да работы прыёмачнай камісіі, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Мінэнерга, МНС, Дзяржстандарту, Мінбудархітэктуры, Мінпрыроды, Міністэрства аховы здароўя, МУС, Гродзенскага аблвыканкама, ДВА "Белэнерга", а таксама прадстаўнікі расійскіх кампаній "АБЭ", "Атамбудэкспарт", "Атамтэхэнерга", шырока прыцягваліся таксама профільныя спецыялісты і вучоныя.

"Праект БелАЭС важны для эканомікі краіны, а таксама з пункту гледжання супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы. Вялікае значэнне маюць не толькі эканамічныя вынікі, але і тыя кампетэнцыі, якія мы атрымліваем. Хацелася б выказаць вялікую ўдзячнасць нашым расійскім партнёрам", - сказаў намеснік прэм`ер-міністра Юрый Назараў. Паводле яго слоў, прыёмка ў эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС чакаецца ў наступным годзе.

Першы намеснік генеральнага дырэктара па атамнай энергетыцы "Расатама" Аляксандр Лакшын адзначыў значнасць актыўнага ўзаемадзеяння з беларускім бокам для дзяржкарпарацыі. "Другі энергаблок заўсёды ідзе лягчэй, чым першы, паколькі ўжо ёсць з`яднаная каманда, вопыт, навыкі. Мы не сумняваемся ў тым, што праз год будзе ўрачыстае мерапрыемства па прыёмцы другога энергаблока", - падкрэсліў ён.

Этапу прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока БелАЭС папярэднічаў вялікі аб`ём работ - па праверцы гатоўнасці тэхналагічных сістэм і абсталявання да асваення цеплавой і электрычнай магутнасці, правядзенні неабходных выпрабаванняў, падрыхтоўцы персаналу.

На гэты час блок працуе на намінальным узроўні магутнасці рэактарнай устаноўкі. З моманту яго ўключэння ў аб`яднаную энергасістэму выпрацавана амаль 3 млрд кВт.гадз электраэнергіі.

Для будаўніцтва Беларускай АЭС быў выбраны расійскі праект "АЭС-2006" новага пакалення 3+. Ён адпавядае міжнародным патрабаванням і рэкамендацыям МАГАТЭ і вызначаецца павышанымі характарыстыкамі бяспекі. Ва ўзвядзенні БелАЭС прыняло ўдзел 36 будаўнічых арганізацый. Колькасць будаўнікоў на піку ўзвядзення АЭС дасягала 8,5 тыс. чалавек.

"За гады рэалізацыі нацыянальнай ядзернай энергетычнай праграмы Беларусь зрабіла сур`ёзныя крокі на шляху фармавання сістэмы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і яе важнейшых элементаў, уключаючы стварэнне адпаведнай нарматыўна-прававой базы, выбудоўванне і функцыянаванне сістэмы абароны і рэагавання, падрыхтоўку кадраў, узаемадзеянне на сістэмнай аснове з вядучымі міжнароднымі арганізацыямі. Вялікі праект БелАЭС з`яўляецца лакаматывам развіцця многіх галін эканомікі, садзейнічае шырокаму ўкараненню сучасных тэхналогій на вытворчасцях, забяспечвае стварэнне новых рабочых месцаў, а таксама стварае дадатковыя магчымасці для павышэння ўзроўню камфорту пражывання насельніцтва", - адзначылі ў прэс-службе Мінэнерга.



10 чэрвеня 2021, Астравецкі раён
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/72/59689
Текущая дата: 26.11.2024