Белорусский портал в Казахстане

Сусветныя цэны на прадукты харчавання ў маі дасягнулі рэкордных паказчыкаў за 10 гадоў



Такія дадзеныя прыводзіць Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (ФАО), паведамляецца на сайце Цэнтра навін ААН.

Рост сусветных цэн на прадукты харчавання ў маі 2021 года стаў рэкордным за апошнія 10 гадоў. 

Сярэдняе значэнне Індэкса харчовых цэн ФАО за май на 4,8 працэнта вышэйшае за красавіцкі паказчык і на 39,7 працэнта вышэйшае за паказчык мая 2020 года.

Адной з галоўных прычын такога росту стаў рэзкі ўздым сусветных цэн на алей, цукар і збожжавыя. Ён дасягнуў найвышэйшага значэння з верасня 2011 года.

Галоўным фактарам павышэння цэн на збожжавыя стала падаражанне кукурузы: сярэдняе значэнне цэн перавысіла паказчык мінулага года на 89,9 працэнта. Майскія цэны на пшаніцу былі на 6,8 працэнта вышэйшыя за красавіцкія. Індэкс цэн на алей ФАО павялічыўся ў маі на 7,8 працэнта з-за павышэння цэн на пальмавы, соевы і рапсавы алей.

Падаражэў і цукар - на 6,8 працэнта. Прычынамі сталі затрымкі ўборачнай кампаніі і чаканне нізкіх ураджаяў у Бразіліі - буйнейшым у свеце экспарцёры цукру. Значныя пастаўкі цукру з Індыі крыху запаволілі рост цэн, але не змаглі кампенсаваць негатыўныя фактары.

Цэны на мяса ў маі выраслі на 2,2 працэнта галоўным чынам з-за павелічэння імпарту ў Кітай, а таксама росту ўнутранага попыту на мяса птушкі і свініну ў вядучых рэгіёнах-вытворцах.

Індэкс цэн на малочную прадукцыю ФАО павялічыўся на 1,8 працэнта з-за актыўнага імпартнага попыту на знятае і натуральнае сухое малако.

Індэкс цэн ФАО - вынік адсочвання ваганняў сусветных цэн на найбольш хадавыя харчовыя тавары. Індэкс публікуецца кожны месяц.

4 чэрвеня 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/73/59590
Текущая дата: 26.11.2024