Белорусский портал в Казахстане

Беларусь абмежавала ўвоз свініны з Ганконга з-за АЧС



Беларусь абмежавала ўвоз свініны са спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Ганконг Кітайскай Народнай Рэспублікі з-за афрыканскай чумы свіней (АЧС). Такая інфармацыя размешчана на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.

Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя жывёл, на тэрыторыі Ганконга зарэгістраваны выпадкі захворвання ўспрымальных відаў жывёл на афрыканскую чуму свіней. У сувязі з гэтым уведзены часовыя абмежаванні на ўвоз у Беларусь з гэтага рэгіёна жывых свіней, заапаркавых і цыркавых жывёл успрымальных відаў, свініны (у тым ліку мяса дзікоў) і іншай харчовай свінагадоўчай сыравіны, а таксама прадуктаў іх перапрацоўкі, гарбарнай, рогакапытнай і кішачнай сыравіны, шчаціння, паляўнічых трафеяў, атрыманых ад жывёл успрымальных відаў, іншай прадукцыі.

У дэпартаменце інфармуюць аб неабходнасці прыняць дадатковыя меры кантролю для біялагічнай аховы свінагадоўчых комплексаў усіх форм уласнасці.

Афрыканская чума свіней (хвароба Мантгомеры) - віруснае захворванне свойскіх свіней і дзікоў. Вакцыны ад яго няма. Амаль усё пагалоўе хворых жывёл гіне. Для чалавека АЧС бяспечная.

1 сакавіка 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/77/58460
Текущая дата: 26.11.2024