Белорусский портал в Казахстане

Перыядычна ўзнікаючы дэфіцыт валюты ў абменніках звязаны з тэхнічнымі складанасцямі



Аб гэтым расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення аперацый на фінансавых рынках Нацыянальнага банка Дзяніс Гарагляд у інтэрв`ю газеце "СБ. Беларусь сегодня".

"У бягучым годзе перыядычна ўзнікаў дэфіцыт з наяўнымі доларамі ў абменных пунктах. Але гэта было абумоўлена не нейкімі фундаментальнымі, а чыста тэхнічнымі складанасцямі. Беларускія банкі па наяўнай валюце працуюць з еўрапейскімі калегамі. У сакавіку былі закрыты авіязносіны з ЕС і ЗША. З-за гэтага няхватка наяўнай амерыканскай валюты назіралася ў еўрапейскіх банкаў: не было фізічнай магчымасці яе завезці з-за Атлантычнага акіяна. Затое еўра было ў абароце дастаткова", - расказаў Дзяніс Гарагляд.

Цяпер палёты аднавіліся, але з-за зніжэння пасажырапатоку на лініі выпускаюць самалёты невялікай грузападымальнасці.

"Адпаведна, зніжаюцца магчымасці па аператыўнай перакідцы вялікага аб`ёму наяўнай валюты. Не трэба забываць, што ў нашых банкаў абмежаваная колькасць тых жа інкасатарскіх машын. І ў час рэзкага росту попыту на валюту не заўсёды ёсць магчымасць аператыўна падмацаваць наяўнымі сродкамі абменныя пункты і банкаматы", - падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

Дзяніс Гарагляд звярнуў увагу і на тое, што для банкаў работа з наяўнымі сродкамі ўключае дадатковыя выдаткі ў параўнанні з безнаяўнай валютай.

"Для банкаў выгадна працаваць на абаротах. Зыходзячы з гэтай канцэпцыі, камерцыйныя банкі выстаўляюць абменныя курсы. Часам цана куплі перавышае біржавыя каціроўкі. Але гэта не значыць, што банкі не могуць купіць валюту на біржавым або пазабіржавым рынку. Проста, рэгулюючы кошт продажу і куплі валюты, яны стараюцца збалансаваць попыт і прапанаванне ў абменных пунктах, каб банкі працавалі на ўласных абаротах, з мінімальнай патрэбнасцю ў падмацаванні валютай або беларускімі рублямі. Калі сітуацыя на рынку выраўноўваецца, банкі без усялякага нагадвання або ініцыятывы з боку Нацбанка зніжаюць курсы", - адзначыў ён.

4 верасня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/87/55926
Текущая дата: 26.11.2024