Белорусский портал в Казахстане

Харчовая бяспека Беларусі забяспечана, але шмат рэзерваў у сельскай гаспадарцы яшчэ не задзейнічана



Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі нарады аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны.

"Нам трэба ўтрымаць краіну, нам - нашаму пакаленню. Паўтарайце вопыт: вопыту ў нас дастаткова, які трэба капіраваць і паўтараць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Тое, што мы сёння сканцэнтраваліся тут на негатыве, не значыць, што ўсё дрэнна. Усё значна лепш, чым было. Людзі накормлены - па прымальных цэнах. Вы бачыце, што мы нармальнымі спрабуем трымаць цэны. Нехта вые, стогне, але тым не менш па прымальных цэнах накормлены і апрануты. Харчовая бяспека ў нас забяспечана. Але, як гаварыў прамыслоўцам, скажу і вам: гэтага мала. Вашу прадукцыю мы можам заўсёды прадаць. Насельніцтва ў свеце расце, галадаючых мільёны. Калі паварушыцца, нашу прадукцыю купяць", - заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што ў гэтым годзе сельская гаспадарка абавязана паставіць малака, мяса, яек, агародніны, садавіны і іншай прадукцыі пад поўную патрэбнасць краіны. "Гэта асноўная ваша задача, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - І разбярыцеся, дзе стабілізацыйныя фонды, у якім аб`ёме яблыкі, грушы і іншае павінны быць сканцэнтраваны. Мы не павінны траціць валюту на закупку яблыкаў - польскіх або яшчэ нейкіх. Санкцыі санкцыямі, а пруць яны сюды гэту прадукцыю, а мы валюту ім аддаём".

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз звярнуў увагу на праблему пасрэдніцтва пры арганізацыі закупак, ці гэта насенне, корм або тэхніка. "Не дай бог Камітэт дзяржкантролю даложыць, што вы не самі гэта закупляеце, а вам нейкія пасрэдніцкія структуры прывозяць, - папярэдзіў ён. - Цэнтралізуйце. І калі нехта (мы ж не можам забараніць) ніжэй за вашу цану прывязе і прапануе, мы з задавальненнем у іх купім".

Закрануў Прэзідэнт і развіццё ў краіне фермерства. Ён нагадаў, што раней гэта пытанне было не вельмі актуальным для Беларусі: перш за ўсё неабходна было выратаваць сельскую гаспадарку, а не парэзаць зямлю і раздаць па кавалках. Цяпер час ужо іншы.

"Калі да вас прыватнік заможны звярнуўся і хоча ў Віцебскай вобласці або Магілёўскай узяць калгасы нейкія або калгас цалкам, - аддайце. І сяляне на нас ужо сёння не павінны крыўдзіцца. 25 гадоў таму гэты фактар быў, я яго ўлічваў. Калі б мы пачалі ўсё гэта раздаваць, у нас была б аграрная рэвалюцыя. Сёння прыватнік сябе зарэкамендаваў. І калі ёсць дасведчаныя прыватнікі, якія гатовы працаваць, паспрабуйце. Няхай два-тры гады папрацуюць у арэндзе, як мы ў Віцебскай вобласці зрабілі - дзве гаспадаркі аддалі. Я адным вокам назіраю: нібыта стараецца, хоча нешта зрабіць, грошы недзе на баку зарабляе і ўкладвае туды. Такім фермерам дарога", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Як і на нядаўняй нарадзе па прамысловасці, асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на недапушчальнасць карупцыйных праяў: "Я вас прашу, мужыкі, не рабіце гэтага. Я заўсёды гавару: лепш бедным на волі, чым багатым у турме. Таму я і гавару, што ніякіх не павінна быць у вас пасрэднікаў, вы самі павінны кантраляваць закупкі і продажы".

Паабяцаў Прэзідэнт таксама вывучыць праблему з жыллём у вёсцы, паколькі тут часам могуць здарацца перакосы. "Мы праграмы гэтыя адкарэкціруем, асабліва ў будучым годзе. Нам трэба за гэты год вывучыць праблему. Каб не атрымалася так, што 6 тысяч дамоў свабодных засяліць не можам. Гавораць, дайце нам пад жыллё грошы. Дык вы засяляйце тыя дамы, якія ёсць. Але адкарэкціруем", - сказаў ён.

Адно з самых важных пытанняў, за якое ў Беларусі актыўна ўзяліся ў мінушым годзе, - меліярацыя. Нявырашаных пытанняў яшчэ шмат. "Жудасна глядзець на асобныя часткі Беларусі. Мы запусцілі меліяраваныя плошчы да немагчымага. Цяпер трэба штурмам за тры гады ўсё аднавіць. Але вельмі хацелася б, каб вы хаця б на 10, 20, 100 гектарах у кожнай гаспадарцы правялі культуртэхнічныя работы, а мы ўжо на ўзроўні дзяржавы будзем весці аднаўленне меліяраваных зямель", - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

Апошні раз, папярэдзіў кіраўнік дзяржавы, ён вяртаецца да работы раённых аграсэрвісаў. "Райаграсэрвісам быць. Гэта і дапамога слабым гаспадаркам, каб з-пад плота ўзяць тэхніку і з дзвюх адзінак або трох адну зрабіць. Вы ў вобласці гэта робіце. Але гэта на базе раёна можна зрабіць. Інакш кажучы, для былой раённай сельгастэхнікі заўсёды работа знойдзецца. Губіць нельга. Там ёсць хоць нейкая база", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мы пабудавалі нямала сельскагаспадарчых комплексаў. Будзем лічыць, калі яны не ўкамплектаваны, гэта злачынства губернатара і старшыні райвыканкама. Навошта будавалі? Тут трэба прыняць рашэнне. Але комплексы павінны быць укамплектаваны", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Яшчэ раз: я не гавару, што дрэнна, але гэта не тое, што павінна быць. І адчуваю, што можа быць дрэнна. Таму трэба ў патрэбны час узяцца за справу і дзейнічаць, каб нашым дзецям потым не напружвацца. Не думаю, што на гэтай нарадзе мы шмат вам новага сказалі, Амерыку адкрылі. Усё вы гэта цудоўна ведаеце і разумееце. Але лішні раз хачу вам сказаць, што не трэба нічога новага, давайце па-старому выдадзім рэзультат. Давайце, як мы ўмеем і ўмелі раней. Давайце гэтым шляхам пойдзем, і ў нас будзе рэзультат. А паралельна, паціху і "разумны" трактар вам падгоняць да патрэбнага моманту. Калі нехта гатовы, будзем спецыяльна для вас тыражаваць гэты трактар, мы ўжо навучыліся яго рабіць, ён сябе нядрэнна паказаў. Але я думаю, што яшчэ век не мінуў механізатара на нашым традыцыйным трактары. Таму навядзіце парадак і глядзіце за дысцыплінай. Вы павінны быць прыкладам для ўсіх, каб на вас ніхто не паказаў пальцам. Трэба мабілізавацца", - рэзюмаваў беларускі лідар.

16 красавіка 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/9/73693
Текущая дата: 24.11.2024