Белорусский портал в Казахстане

Бізнес, які гатовы сумленна працаваць на карысць краіны і народа, у Беларусі заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 4 жніўня ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Якасць нашага бізнесу нашмат вышэйшая, чым у іншых постсавецкіх краінах

«Я неяк аналізаваў і заўважыў адну асаблівасць. Якасць нашага бізнесу нашмат вышэй, чым у іншых постсавецкіх краінах. Сапраўдныя беларускія бізнесмены пачыналі з нуля, а не з прыватызацыі. І дасягнулі поспеху толькі сваімі мазгамі, воляй і каласальнай працай. Такіх людзей я заўсёды паважаў і паважаю. Прыватны бізнес вырас, адужэў і застанецца для Беларусі фактарам росту», — падкрэсліў беларускі лідар.

Працы ў краіне больш чым дастаткова. Структура беларускай эканомікі аб’ядноўвае мноства галін. З аднаго боку, нам дасталася шмат фінішных вытворчасцей, залежных ад імпарту сыравіны і камплектуючых, але з іншага — гэта велізарныя магчымасці для развіцця.

«Наша прамысловасць імпартуе камплектуючых больш чым на чатыры мільярды долараў у год. Ніша для імпартазамяшчэння проста каласальная. Трэба ствараць невялікія кампаніі, вырабляць гэтыя камлектуючыя на чатыры мільярды долараў. У свеце сумесная праца ці кааперацыя з прамысловымі гігантамі — мяжа мараў любога малога ці сярэдняга прадпрыемства. Усе змагаюцца за гарантаваныя заказы і магчымасць трапіць на канвеер», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Таму, упэўнены ён, няма чаго наракаць на малую ёмістасць унутранага рынку. Лакалізацыя вытворчасці кампанентаў толькі на такіх заводах, як «БелДжы», МТЗ або БелАЗ, ужо дасць велізарны эфект для бізнесу.

А ёсць яшчэ патэнцыйныя кластары у дрэваапрацоўцы, дзе не хапае мэблевых і папяровых заводаў, у лёгкай прамысловасці (скура і лён), па выпуску інавацыйных будаўнічых матэрыялаў і ў фармацэўтыцы.

«Трэба абараняць свой рынак. Каранавірус ясна паказаў сапраўдную цану гандлёвым правілам і абавязацельствам. Усе на іх наплявалі і аж да адкрытых канфрантацый абараняюць сваіх вытворцаў. Не пускаюць у дзяржзакупкі, на бюджэтныя будоўлі. Гэта значыць, сёння ўсе краіны гэтым працэсам жорстка кіруюць. Мы таксама прымем прынцыповыя рашэнні ў найбліжэйшы час. Але ніякая абарона не дапаможа няякасным таварам», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуўся да ўсіх кіраўнікоў і спецыялістаў: пытанні якасці прадукцыі, яе адпаведнасці міжнародным стандартам з’яўляюцца прыярытэтам. Па многіх пазіцыях знак «Зроблена ў Беларусі» ужо працуе як найлепшая рэклама, асабліва ў дачыненні да прадуктаў харчавання.

Варвара Марозава
Звязда, 4 жніўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/91/55085
Текущая дата: 26.11.2024