У некаторых тэлеграм-каналах з`явілася інфармацыя пра забастоўкі на найбуйнейшых заводах краіны. З гэтай нагоды кіраўніцтва некаторых з іх запрасіла ў свае цэхі прадстаўнікоў СМІ.
«На сённяшні дзень МАЗ працуе вельмі напружана, у нас па аўтобуснай вытворчасці тры змены, маецца шмат заказаў, асабліва экспартныя: Расійская Федэрацыя, Украіна. Канвеер працуе ў дзве змены. Ёсць рэалізацыя. Калектыў настроены па-баявому, ніякіх хваляванняў, панікёрскіх настрояў няма, абсалютна нармальныя, рабочыя задачы, усе разумеюць для сябе тое, што будучае людзей, іх сем`яў — у нашай працы, таму абсалютна ўсё нармальна і штатна», — пракаментаваў сітуацыю на Мінскім аўтамабільным заводзе генеральны дырэктар ААТ «МАЗ — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» Валерый Іванковіч.
Кіраўнік прадпрыемства дадаў, што разам з прафсаюзам пастаянна сустракаецца з калектывам на ўсіх узроўнях, штотыднёва — з актывам прафсаюзнай арганізацыі, раз на месяц — з усім працоўным калектывам. На тыдні перад выбарамі было дзве сустрэчы з працоўным калектывам і актывам прадпрыемства.
«Мы абмяркоўваем шчыра, адкрыта ўсе пытанні — папулярныя і непапулярныя, я нефармальна гутару, абстаноўка ў калектыве стабільная, калектыў працуе і падтрымлівае той выбар, які зрабіла краіна, — сказаў ён. — Мы за Беларусь, мы за квітнеючую Беларусь».
Сёлета на заводзе сабрана ўжо 5300 аўтамабіляў (летась за той жа перыяд было зроблена 5100). На 170 мільёнаў долараў адгружана прадукцыі ў розныя краіны свету. Сярэдні заробак за першае паўгоддзе склаў 1200 рублёў.
«Задачы напружаныя, абавязацельствы вялікія, і нам трэба працаваць», — рэзюмаваў генеральны дырэктар.
У прысутнасці журналістаў Валерый Іванковіч звярнуўся да калектыву:
«Вы мяне ведаеце, я ваш кіраўнік і нясу адказнасць за вашу бяспеку, вас, вашых сем`яў і вашых блізкіх. Не трэба паддавацца на тыя правакацыі, якія адбываюцца. Не трэба падзяляць людзей... Мы заўсёды жылі мірна, працавалі, выконвалі сур`ёзныя задачы і разумелі, што наш хлеб у нашым заробку і нашых мазолістых руках».
Працуе ў штатным рэжыме і БелАЗ, расказаў журналістам выконваючы абавязкі кіраўніка прадпрыемства Алег Сцяпук.
Інфармацыю пра забастоўку супрацоўнікаў абвергла і прэс-служба Інстытута хіміі новых матэрыялаў Нацыянальнай акадэміі навук.
Аўтар: Вольга Мядзведзева
Звязда, 12 жніўня 2020
Звязда, 12 жніўня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-/91/55294
Текущая дата: 26.11.2024