Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка пра работу прадпрыемстваў: на багатым Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, дзякуй богу, што мы гэтага пазбеглі



Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 мая падчас наведвання Мінскага трактарнага завода адзначыў правільнасць прынятага ў Беларусі рашэння не спыняць у цяперашняй сітуацыі вытворчасці.

"На багатым Захадзе ўжо дзікае беспрацоўе, людзі каструлямі грымяць. Дзякуй богу, што мы гэтага пазбеглі, не закрыліся", - сказаў беларускі лідар.

Было адзначана, што цяпер МТЗ працуе ўстойліва, ёсць нават вакансіі. "Тое, што я гаварыў. Нам не трэба спяшацца, з верталёта грошы раскідваць. Ёсць рабочыя месцы", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце як галаўнога прадпрыемства, так і іншых, што ўваходзяць у холдынг, планах па развіцці вытворчасці, распрацоўках, якія вядуцца, у тым ліку ў сферы дакладнага земляробства. Як расказаў генеральны дырэктар МТЗ Віталь Воўк, на прадпрыемстве вядуцца распрацоўкі, якія дадуць магчымасць выйсці на асваенне беспілотнага трактара да 2030 года.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што важна не толькі вырабляць прадукцыю, але і рабіць гэта якасна, тады не ўзнікне праблем і са збытам. Размова ішла і аб развіцці вытворчасцей за мяжой.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ўзоры вырабляемай тэхнікі. У прыватнасці, былі прадстаўлены новыя рухавікі з сістэмай ачысткі адпрацаваных газаў, вырабленыя для МТЗ на Мінскім маторным заводзе, энерганасычаныя і звышмагутныя трактары. Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на снегаўшчыльняльную і лёдазалівачную машыны. "Настане зіма, пакажаце, паглядзім", - сказаў ён.

Прэзідэнт наведаў таксама корпус зборкі трактароў, дзе яму далажылі аб вытворчасці розных камплектуючых, якія вырабляюцца для МТЗ на іншых прадпрыемствах па праграме імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць максімальна сканцэнтраваць на тэрыторыі краіны вытворчасць камплектуючых для МТЗ і скараціць пастаўкі па імпарце. Пры гэтым абавязкова забяспечыць высокую якасць прадукцыі.

Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся станам спраў на асобных прадпрыемствах. Размова ішла аб забеспячэнні стабільнасці работы, наяўнасці рынкаў збыту, пытаннях аплаты працы. "Людзі павінны бачыць святло ў канцы тунэля. Калі яны гэта бачаць, будуць старацца", - адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, ён нагадаў пра важнасць планавання работы прадпрыемстваў, выбудоўвання стратэгіі развіцця, заснаванай на рэальных разліках. "Трэба арыентавацца на тое, што ў цябе ёсць на самай справе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта правільны падыход, паколькі інакш час страціш, а тое, на што замахнешся, не атрымаеш".

29 мая 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/1/53785
Текущая дата: 19.03.2024