Белорусский портал в Казахстане

Беларусь разлічвае дабіцца экспарту прадуктаў харчавання на $10 млрд



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання аграрыяў у час абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2024" у Клімавічах.

У наступнай пяцігодцы ад вяскоўцаў зноў чакаюць подзвігаў, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Трэба ўстойліва выйсці на 10,5-11 млн т збожжа, перавесці ўсю жывёлу ў сучасныя комплексы і павялічыць надоі да 8 т ад каровы.

"Малочнатаварныя комплексы ў наступнай пяцігодцы будуць пабудаваны па ўсёй краіне. У "загашніках" мы карову трымаць не можам. Карова павінна быць у "палацы", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што, у прынцыпе, карове неабходна паставіць помнік: малако ратавала ад голаду ў ваенныя гады, ды і цяпер малочная прадукцыя абавязкова прысутнічае на стале беларусаў.

За наступную пяцігодку ў Беларусі таксама плануюць пабудаваць ультрасучасныя свінакомплексы і канчаткова разабрацца з перапрацоўкай лёну. "Лён - гэта будучыня. Не таму, што гэта сімвал нашай краіны і ў нашым гербе лён. Вы бачыце - цэны пачалі расці. Людзі ўсё больш і больш да натуральных тканін схіляюцца. Акрамя беларусаў. Беларусы не разумеюць. Беларусы рвуцца за Gucci, Versace і іншай гадасцю. Сваё трэба насіць. Свае тканіны. У нас ёсць усё. Насіце сваё і прывучайце дзяцей да гэтага", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама важна забяспечыць Беларусь сваёй агароднінай, садавіной і рыбай па даступных цэнах, укараніць новыя культуры (соя, тэхнічныя каноплі), самабытныя і новыя прадукты, якія пачалі вырошчваць у краіне ў сувязі з пацяпленнем.

"Усё  мы можам, і Гасподзь падарыў нам дзіўную прыроду для таго, каб жыць нармальна і працаваць. Наша задача - экспарт у аб`ёме не меншым як $10 млрд у год з акцэнтам на новыя рынкі, а новыя рынкі - гэта Азія і Афрыка. Вы не думайце, што нам Захад санкцыі ўвёў, таму што ў нас правоў чалавека няма і іншае. Аб гэтым ужо ўсе забылі. Мы для іх канкурэнты. Наша прадукцыя там не патрэбна. Нібыта ваююць з Украінай - дапамагаюць і іншае. Але як толькі ўкраінцы цераз Польшчу і іншыя краіны пачалі вывозіць збожжа, у тую ж Афрыку, не ім, яны закрылі гэтыя дарогі. Чаму? Гэта ж сябры, абяцалі дапамагчы. А таму што збожжа - гэта канкурэнт для Заходняй Еўропы", - заявіў Прэзідэнт.

Беларусь патрэбна краінам Афрыкі і Азіі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прыклад таго - Зімбабвэ і Кітай. І, вядома, традыцыйны партнёр - Расія.

"$8-9 млрд у гэтым годзе мы можам атрымаць ад экспарту. Нафтавікі столькі не атрымліваюць. А трэба $10 млрд - адзін мільярд застаўся. Мы павінны ў наступнай пяцігодцы падысці да гэтага ўзроўню. Будзе нялёгка. Але зразумейце, інакш дабіцца рэзультата будзе немагчыма.Толькі цяжкая праца, пот і максімальнейшае напружанне могуць нам дапамагчы", - сказаў беларускі лідар.

16 лістапада 2024, Клімавічы
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/1/75893
Текущая дата: 26.11.2024